Дыягностыка праблем – вызначэнне шляхоў іх вырашэння

15 лютага 2022 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў семінар па выніках маніторынгаў сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў інтэрнатах студгарадка і асаблівасцей адаптацыі замежных студэнтаў да адукацыйнай прасторы ўніверсітэта. Арганізатарам мерапрыемства выступіла сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба аддзела выхаваўчай працы з моладдзю. Удзельнікамі семінара сталі намеснікі дэканаў па выхаваўчай працы, спецыялісты АВП, педагагічныя работнікі студгарадка, спецыялісты аддзела міжнародных сувязей, прадстаўнікі старастата замежных студэнтаў і студсаветаў інтэрнатаў.

Таццяна Васільеўна Сакалова, прарэктар па выхаваўчай працы, у сваім прывітальным слове абазначыла актуальнасць прапанаваных для абмеркаванння праблем і выказала ўпэўненасць, што дадзеныя дыягнастычныя даследаванні дазваляюць своечасова выяўляць праблемы і ўносіць карэктывы ў арганізацыю выхаваўчай працы на факультэтах і ў інтэрнатах.

Гаворачы пра вынікі дыягностыкі сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў інтэрнатах, педагог-псіхолаг Каміла Аліяддзінаўна Літвін акрэсліла кола праблем, якія студэнты вылучылі ў сваіх адказах: умовы пражывання, арганізацыя быту і вольнага часу ў інтэрнаце, адносіны да здаровага ладу жыцця, арганізацыя харчавання, распаўсюджванне сярод іншагародніх студэнтаў негатыўных з’яў рознага кшталту.

Педагог-псіхолаг СППС Ганна Паўлаўна Шывілько агучыла вынікі маніторынгу адаптацыі замежных студэнтаў да ўмоў інтэрнацкага побыту і навучання ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. У сваім выступленні яна расказала пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца замежныя студэнты ў працэсе адаптацыі да жыцця ў інтэрнатах і вучобы, пра матывы іх паступленя ва ўніверсітэт, пра формы арганізацыі вольнага часу, узаемаадносіны ў студэнцкім калектыве і з выкладчыкамі, а таксама пра прычыны адсутнасці на занятках і дрэнную паспяховасць па асобных вучэбных дысцыплінах. Ганна Паўлаўна правяла параўнальны аналіз атрыманых вынікаў апытання гэтага і мінулага навучальнага года.

У ходзе семінара абмяркоўваліся напрамкі прафілактычнай працы з беларускімі і замежнымі студэнтамі, формы арганізацыі вольнага часу ў інтэрнатах. З боку ўдзельнікаў мерапрыемства ўносіліся прапановы па карэкціроўцы планаў выхаваўчай працы ў другім семестры, абмяркоўваліся вырыянты навучання прадстаўнікоў старастата замежных студэнтаў з мэтай павышэння эфектыўнасці іх дзейнасці і інш.

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

Падзяліцца: