Дарогай адзінства – у новае тысячагоддзе

Урачыстая лінейка першакурснікаў «Дарогай адзінства – у новае тысячагоддзе», прысвечаная Дню ведаў, у нашым універсітэце адбылася 3 верасня.

З прывітальнымі словамі да першакурснікаў звярнулася рэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Сендзер. Яна падкрэсліла, што паступленне ў вядучы ўніверсітэт рэгіёна ў год 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 1000-годдзя Брэста і ў год, калі горад над Бугам горда нясе званне культурнай сталіцы краін Садружнасці Незалежных дзяржаў, накладвае абавязкі добра вучыцца і паспяхова скончыць універсітэт, каб у будучыні стаць канкурэнтаздольнымі спецыялістамі, якія будуць годна працаваць на карысць малой радзімы.

У знамянальны для горада Брэста год да першакурснікаў звярнуўся старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук. «Універсітэт глыбока інтэграваны ў гарадское асяроддзе, студэнты актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх мерапрыемствах», – сказаў ён. А зусім хутка, у рамках святкавання міленіуму, адбудзецца фестываль дружбы, арганізатарам якога выступае БрДУ. Аляксандр Сцяпанавіч выказаў надзею на тое, што для першакурснікаў Брэст стане лепшым месцам на зямлі і што пасля атрымання дыпломаў аб вышэйшай адукацыі яны застануцца ў абласным цэнтры, каб працаваць на карысць горада над Бугам. «Сумеснымі намаганнямі ўсё атрымаецца, таму што ёсць выдатныя выкладчыкі, жаданне вучыцца і гарадская ўлада, якая любіць БрДУ», – запэўніў мэр.

У гэтым годзе наша alma mater папоўнілася 1360 першакурснікамі, большасць з якіх – ураджэнцы Брэстчыны. У Год малой радзімы яны вырашылі застацца ў родным рэгіёне і пачаць шлях да прафесіі менавіта тут, так як перакананы ў вернасці народнай прыказцы «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. У будучыні яны хочуць працаваць у родным краі, развіваць яго інфраструктуру, сваёй дзейнасцю рабіць яго лепшым і больш сучасным, прымнажаючы багатую спадчыну.

Такімі з’яўляюцца і студэнтка першага курса філалагічнага факультэта Ганна Майсейчык і першакурснік факультэта фізічнага выхавання Дзмітрый Лук’янчук. Менавіта яны ўдастоіліся ганаровага права падняць сцяг універсітэта пад гукі гімна БрДУ.

Наш універсітэт, як і Брэстчына, славіцца гасціннасцю. Аляксандр Рагачук і Ганна Сендзер віталі дэканаў факультэтаў і першакурснікаў і ўручылі ім сімвалічныя падарункі – статуэткі з выявай гербаў Брэста і БрДУ.

Напярэдадні тысячагоддзя Брэста павіншаваць першакурснікаў са знамянальнай падзеяй прыйшоў ліхтаршчык. Выказаўшы ўпэўненасць у тым, што студэнты гучна заявяць пра сябе ў вучэбным, навуковым, творчым і спартыўным жыцці, ён запаліў ліхтар, бо агонь ва ўмелых руках – сімвал працавітасці і майстэрства, якія робяць чалавека сапраўдным прафесіяналам.

Такі цёплы прыём стаў яскравым паказчыкам згуртаванасці нашай дружнай універсітэцкай сям’і. Мы спадзяёмся, што адукацыяй, атрыманай у БрДУ, нашы першакурснікі будуць ганарыцца. Яна абавязкова дапаможа сённяшнім студэнтам стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі і паспяховымі людзьмі, дасягнуўшымі вышыні ведаў і глыбіні мудрасці, здольнымі сваімі чыстымі думкамі, годнымі ўчынкамі і слаўнымі справамі праслаўляць alma mater.

Юлія Воўк,
студэнцкі клуб

Падзяліцца: