Да працы гатовыя!

Студатрадаўскі рух сёння – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці пярвічак ГА «БРСМ». Дарэчы, у моладзевым саюзе 2019 год абвешчаны Годам студэнцкіх атрадаў. Часовае працаўладкаванне ў складзе студатрадаў павышае сацыяльную актыўнасць моладзі, стварае ўмовы для грамадска-карыснай працы, выхоўвае паважлівае стаўленне да працы, а таксама вырашае матэрыяльныя пытанні навучэнцаў. У сувязі з тым, што ў гэтым годзе адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ўрачыстая універсітэцкая лінейка, прысвечаная адкрыццю трэцяга працоўнага семестра, адбылася ў мемарыяльным-комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». 10 мая на ёй сабралася шмат ветэранаў і навабранцаў студэнцкіх атрадаў.

Кіраўнік штаба працоўных спраў БрДУ Вікторыя Тарасюк прыняла рапарт ад студэнтаў аб гатоўнасці да трэцяга працоўнага семестра, а затым перадала рапарт другому сакратару абласнога камітэта ГА «БРСМ» Максіму Харытоніку.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў звярнуўся першы сакратар абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк. Ён адзначыў, што байцы, якія прымаюць удзел у студатрадаўскім руху, – гэта сапраўдныя лідары, што не толькі бачыць, як квітнее Беларусь, але і ўносіць свой уклад у яе развіццё.

Затым Юрый Сяргеевіч, Максім Юр’евіч і прарэктар па выхаваўчай працы БрДУ Таццяна Васільеўна Сакалова ўручылі камандзірам атрадаў працоўныя пуцёўкі. Таццяна Васільеўна дала наказ маладым людзям з энтузіязмам працаваць на карысць нашай краіны і атрымліваць задавальненне ад працы. У гэтым годзе плануецца сфарміраваць 18 педагагічных, 4 будаўнічыя і 4 сэрвісныя атрады, якія ахопяць каля 300 студэнтаў.

Беларускі студатрадаўскі рух мае слаўныя традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі. І нашы студэнты, захоўваючы і прымнажаючы іх, уласным прыкладам даказваюць, што студатрады – гэта добрая школа працы, лідарства і сяброўства. Масава працаваць на карысць малой радзімы і Беларусі яны пачнуць пасля сесіі, але некаторыя ўмеюць сумяшчаць вучобу і працу.

Пасля адкрыцця трэцяга працоўнага семестра «Лета–2019» адбылася патрыятычная акцыя па ўскладанні кветак да Вечнага агню ў памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: