Да 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі

11 лістапада кафедра беларускага літаратуразнаўства сумесна з Генеральным консульствам Украіны ў Брэсце правялі Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную 200-годдзю Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі. У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з Івана-Франкоўска, Кіева, Луцка. Свае даклады даслалі даследчыкі жыцця і творчасці ўкраінскага класіка з іншых гарадоў Украіны, Польшчы, Беларусі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася рэктар універсітэта доктар педагагічных навук прафесар Сендзер Ганна Мікалаеўна, якая падкрэсліла вялікае значэнне Т. Шаўчэнкі ў выхаванні сённяшняй моладзі, яго ролю ў фарміраванні творчай асобы. Вітаў навукоўцаў і Генеральны консул Украіны ў Брэсце Мысык Алег Іванавіч. Ён звярнуў увагу на сусветную значнасць спадчыны Тараса Шаўчэнкі, падкрэсліў значэнне пісьменніка і мастака ў самаідэнтыфікацыі ўкраінскага народа, надзённасць яго літаратурнага слова ў сённяшні складаны час. Алег Іванавіч выказаў пажаданне пра больш цеснае супрацоўніцтва паміж нашым універсітэтам і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Украіны. “Добра было б, – падкрэсліў дыпламат, – каб студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і некаторых нашых адукацыйных устаноў мелі магчымасць праходзіць навучанне на аснове ўзаемаабмену”. Спадар Мысык А.І. пажадаў навукоўцам і студэнтам поспехаў, а Беларусі росквіту.

Са словамі прывітання звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта Фелькіна В.А., загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства Сенькавец У.А., дацэнт названай кафедры Воран І.А. Яны спыніліся на вялікіх традыцыях, якія склаліся на факультэце ў вывучэнні ўкраіністыкі, выказалі спадзяванні на іх умацаванне.

На пленарным і секцыйных пасяджэннях выступілі каля сарака дакладчыкаў, якія паспрабавалі асэнсаваць самыя розныя пытанні шматграннай спадчыны вялікага творцы.

Госці з Украіны наведалі зімовы сад універсітэта, усклалі кветкі ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці.

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне навуковых матэрыялаў.

Падзяліцца: