А.Р. Лукашэнка: Адукацыя – гэта наш пропуск у будучыню

У 2014 годзе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка святкуе 100-гадовы юбілей. Да гэтай знамянальнай даты была прымеркавана сустрэча супрацоўнікаў і студэнтаў вядучай педагагічнай ВНУ краіны з А.Р. Лукашэнкам 21 лістапада 2014 года. Сучасныя тэхналогіі дазволілі стаць анлайн-удзельнікамі сустрэчы ўсім ВНУ Беларусі, у тым ліку і нашаму ўніверсітэту.

Для сустрэчы з супрацоўнікамі і студэнтамі быў выбраны фармат семінара, які, як вядома, мяркуе парытэтны ўдзел бакоў. Вядучы семінара – Кіраўнік дзяржавы – у сваім уступным слове выразна вызначыў праблемнае поле семінара, заклікаў аўдыторыю да таго, каб «сённяшняя сустрэча стала сур'ёзнай удумлівай размовай, дзе кожны можа падзяліцца сваімі думкамі, сумненнямі і прапановамі».

А.Р. Лукашэнка выказаў сваё меркаванне па ключавых пытаннях адукацыі. Так, на яго думку, школа, даючы веды вучням, перш за ўсё павінна вучыць іх думаць, а яшчэ і выхоўваць, фарміраваць каштоўнасны патэнцыял, які будзе развіты ў вышэйшай школе. Для гэтага вельмі неабходна падымаць прэстыж настаўнікаў, прэстыж самой прафесіі. І, як справядліва заўважыў Прэзідэнт, не заробак з'яўляецца галоўным фактарам у вырашэнні гэтага пытання, а перш за ўсё змена прыярытэтаў грамадскай свядомасці.

А.Р. Лукашэнка акрэсліў сваю пазіцыю адносна скарачэння працэсу навучання, павышэння ў ім ролі практыкі, якасці адукацыйных паслуг. Прэзідэнт недвухсэнсоўна матываваў неабходнасць павелічэння практычнай складальнай адукацыйнага працэсу: менавіта праз практыку будучы спецыяліст спасцігае правільнасць ці няправільнасць зробленага выбару.

Адказваючы на пытанні і каментарыі прысутных, Прэзідэнт не пагадзіўся са сцвярджэннем аднаго з удзельнікаў пра тое, што 4 гадоў вучобы ў ВНУ  недастаткова для набыцця неабходных практычных навыкаў працы з абсталяваннем па фізіцы, хіміі і г.д. Кіраўнік дзяржавы слушна заўважыў, што за 4 гады неабходны для выкладання ў школе аб'ём такіх навыкаў аб'ектыўна фарміруецца, але калі студэнт хоча стаць выкладчыкам ВНУ, то ён павінен актыўна самаўдасканальвацца. І выпрацоўка ў вучня, студэнта патрэбы ў самаўдасканаленні – гэта таксама адна са стратэгічных задач сучаснай адукацыі.

Нягледзячы на тое, што семінар доўжыўся каля трох гадзін, выдатны прамоўца А.Р. Лукашэнка здолеў захапіць аўдыторыю. На рэтраспекцыі (у тым ліку і гумарыстычнага характару), якія час ад часу з'яўляліся ў выступленні Прэзідэнта, удзельнікі канферэнцыі рэагавалі жыва. Адэкватна аўдыторыя ўспрыняла і параду Кіраўніка дзяржавы моладзі: «Заўсёды ў жыцці – гэта мая вам парада – трэба навучыцца знаходзіць пазітыўнае».

З галоўным тэзісам Прэзідэнта пра неабходнасць «глыбокіх ведаў, правільных арыенціраў у жыцці, моцнага маральнага стрыжня» пагадзіліся ўсе ўдзельнікі форуму, таму што без гэтых ключавых паняццяў няма адукацыі. А значыць – няма будучыні.

Анастасія Петрык,
філалагічны факультэт

Падзяліцца: