Анатоль Маркевіч: «Будучыня ў надзейных руках моладзі»

Сустрэча памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Брэсцкай вобласці Анатоля Маркевіча са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбылася 25 верасня. Прадстаўляючы госця, рэктар БрДУ Ганна Сендзер адзначыла, што ён з’яўляецца выпускніком фізіка-матэматычнага факультэта нашага ўніверсітэта. Сустрэча праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу.

Ва ўступным слове Анатоль Маркевіч прызнаўся, што з хваляваннем пераступіў парог alma mater, бо не быў тут ужо 26 гадоў. «Але дух навукі, творчасці і жадання сеяць разумнае, добрае, вечнае застаўся», – сказаў ён.

Анатоль Мечыслававіч – ураджэнец Гродзеншчыны. У сувязі з прафесійнай дзейнасцю на малой радзіме ён бывае рэдка, але, калі атрымліваецца, з задавальненнем прыязджае ў родны край, дзе, маючы зносіны з бацькамі і землякамі, набіраецца сіл. А таму ўспомніліся радкі з верша Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…».

Працоўную дзейнасць Анатоль Мечыслававіч пачынаў у сістэме адукацыі: працаваў настаўнікам, дырэктарам школ. Затым быў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама, пазней узначальваў раённы Савет дэпутатаў, быў старшынёй Навагрудскага райвыканкама. У лютым 2019 года прызначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектарам па Брэсцкай вобласці. Ён шчыра прызнаўся, што ў яго вялікая цудоўная сям’я: жонка і трое сыноў. На думку шматдзетнага бацькі, сакрэт шчаслівага шлюбу – у паразуменні і павазе ўсіх членаў сям’і.

Падчас сустрэчы Анатоль Маркевіч не раз акцэнтаваў увагу на значнасці кадравай палітыкі. «Кадры вырашаюць усё, – сказаў ён. – Прафесійная падрыхтоўка і ўменне вырашаць праблемы – аснова поспеху арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў». А каб дабіцца поспеху, трэба знаходзіць аднадумцаў і ўмець гуртаваць калектыў, быць эрудыраваным чалавекам, здольным аналізаваць сітуацыі на месцах, а не ў працоўным кабінеце. «Трэба мець зносіны з людзьмі», – падкрэсліў Анатоль Маркевіч.

Адказваючы на пытанні студэнтаў аб падрыхтоўцы г. Брэста да тысячагоддзя, Анатоль Мечыслававіч сказаў, што была праведзена велізарная праца: сіламі будаўнікоў горада быў пабудаваны сучасны Заходні абход, аналагаў якому няма ў краіне, аўтавакзал, гарадскі сад, лялечны тэатр, алея ліхтароў і іншыя аб’екты , якія арганічна ўпісаліся ў інфраструктуру Брэста. Відаць, што на малой радзіме людзі працуюць з душой і любоўю.

«Талент чалавека раскрываецца ў родных краях, значыць, маладым людзям трэба заставацца на малой радзіме, – з такім пасылам звярнуўся да студэнтаў Анатоль Мечыслававіч. – А апора на веды гісторыі дапаможа вам працягваць будаваць шчаслівую будучыню Беларусі».

Безумоўна, студэнтаў цікавіла пытанне, спецыялісты якіх галін будуць запатрабаванымі ў бліжэйшы час. Анатоль Мечыслававіч адзначыў, што ўжо цяпер патрэбны прафесіяналы ў сферах аграпрамысловага комплексу (тэхналогіі вырошчвання экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі), IT-тэхналогій і, вядома, адукацыі.

«Настаўнік – асноватворнае звяно ў развіцці любой дзяржавы, таму што ўсе атрымліваюць адукацыю менавіта дзякуючы выкладчыкам», – кажа Анатоль Маркевіч. Школа працягвае паспяхова выконваць функцыі навучання і выхавання. Але, як заўважыў госць, важна, каб адукацыйны працэс быў падобны на роўнабаковы трохвугольнік: раўнацэнны ўдзел у ім павінны прымаць педагогі, вучні і бацькі.

Сярод пытанняў, адрасаваных Анатолю Маркевічу, былі і больш глабальныя: ключавыя напрамкі развіцця Беларусі і Брэсцкага рэгіёна ў прыватнасці. Адказваючы, Анатоль Мечыслававіч адзначыў, што Брэсцкая вобласць мае свае асаблівасці. Важкі ўклад у эканоміку ўносяць буйныя прадпрыемствы: «Савушкін», «Санта-Брэмар», «Пінскдрэў» і іншыя, якія з’яўляюцца асноватворнымі ў развіцці Брэстчыны. Упэўнена ідзе наперад сфера інфармацыйных тэхналогій і медыцына. А прыродна-кліматычныя ўмовы паўднёва-заходняга рэгіёна даюць магчымасць вырошчваць бахчавыя культуры і вінаград, што дазваляе вырашаць задачы дзяржаўнай палітыкі па імпартазамяшчэнні.

Дыялог Анатоля Маркевіча са студэнтамі атрымаўся канструктыўным.

У канцы сустрэчы Анатоль Мечыслававіч падзякаваў усім за ўвагу, добрыя пытанні і сказаў, што спакойны за будучыню Беларусі, таму што яна ў надзейных руках моладзі.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: