«Алея культуры»

4 снежня 2015 года ў рамках агульнагарадскога праекта «Брэст – культурная сталіца Беларусі», а таксама конкурсу «Павер у сябе» Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна правёў экалагічную акцыю «Алея культуры». Эка-валанцёры біялагічнага факультэта разам з тымі, хто ўнёс сваю адчувальную лепту ў культурную прастору дарагога нам горада, высадзілі алею з васьмі маладых елак на тэрыторыі парку «1 Мая».

«Дэфіцыт зялёных насаджэнняў – гэта адна з вострых экалагічных праблем на сённяшні дзень. На мой погляд, высечка лясоў, знішчэнне зеляніны ў гарадах могуць пацягнуць за сабой негатыўныя наступствы, і гэта адаб’ецца на нашай будучыні. Таму ў рамках конкурсу «Павер у сябе», які праходзіў ва ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна, я выбрала ўдзел у падобнай акцыі. Я хачу зрабіць горад зелянейшым. І воку прыемна, і карысна для гараджан. Хай дробнымі, але рэгулярнымі крокамі – мы дасягнем рэальных вынікаў у пабудове прыгожай будучыні», – расказвае студэнтка біялагічнага факультэта, удзельніца ўніверсітэцкага конкурсу «Павер у сябе» Малей Сняжана. «Алея культуры» – гэта выдатная магчымасць выхаваць у моладзі клопат пра прыроду і нагадаць жыхарам горада, што Брэст – культурная сталіца Беларусі.

Фота – анлайн-газета «Брэсцкі веснік»

Падзяліцца: