Агульныя надзеі, агульныя мэты

21 лютага на псіхолага-педагагічным факультэце адбылася сустрэча кіраўніцтва факультэта і выкладчыкаў з бацькамі першакурснікаў. Такі “бацькоўскі сход” быў праведзены дзеля таго, каб спрыяць паспяховай адаптацыі ўчарашніх школьнікаў у сценах універсітэта.

Размову на бацькоўскім сходзе пачала дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта Святлана Серафімаўна Кацэвіч. Яна расказала бацькам пра цяжкасці першага семестра, пра вынікі сесіі, пра асаблівасці здачы экзаменаў; падзякавала некаторым бацькам за добрае выхаванне дзяцей, якія ўжо праявілі сябе ў вучобе і грамадскім жыцці факультэта. “У нас агульныя мэты: якасная адукацыя нашых дзяцей-студэнтаў, захаванне іх фізічнага і псіхалагічнага здароўя, выхаванне высокасвядомых грамадзян, патрыётаў Радзімы, – адзначыла Святлана Серафімаўна. – Мы ўпэўнены, што толькі агульныя намаганні і выкладчыкаў, і бацькоў, увага да дзяцей, сумесны разумны кантроль, кантакт кіраўніцтва факультэта, куратараў груп з бацькамі кожнага студэнта забяспечаць дасягненне гэтых мэтаў і апраўдаюць надзеі”.

Пра жыццё першакурснікаў у інтэрнаце і перспектывы атрымання месцаў у інтэрнаце ў наступным навучальным годзе расказала Святлана Генадзьеўна Козел – намеснік дэкана па выхаваўчай працы, старшы выкладчык кафедры ТМЭА. Выступленне Таццяны Віктараўны Нічышынай, загадчыка кафедры педагогікі пачатковага навучання, было прысвечана такой актуальнай праблеме моладзевага асяроддзя, як нарказалежнасць, ужыванне спайсаў і курыльных сумесяў; шляхоў і сродкаў барацьбы з гэтым злом сучаснасці, а таксама змен у заканадаўстве адносна крымінальнай адказнасці за ўжыванне, распаўсюджванне і захоўванне наркатычных рэчываў і спайсаў. Пра цяжкасці спасціжэння першакурснікамі акадэмічных навук пагутарыў з бацькамі прафесар Васіль Іванавіч Сянкевіч.

Сустрэча прайшла плённа і цікава, у пазітыўнай атмасферы даверу. Затым бацькі, пагутарыўшы з куратарамі груп, цёпла падзякавалі ім за фармат бацькоўскага сходу і шчыры клопат пра першакурснікаў.

Псіхолага-педагагічны факультэт

Падзяліцца: