Адзіны дзень інфармавання

У межах працы інфармацыйна-прапагандысцкай групы Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна 21 лістапада адбыўся адзіны дзень інфармавання «Развіццё сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў Беларусі ў інтарэсах камфортнага пражывання грамадзян. Рынак працы і забеспячэнне занятасці ў Брэсцкай вобласці». Удзел у ім прынялі намеснік кіраўніка аддзела ўпраўлення занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Калеснікаў, намеснікі дэканаў па вучэбнай працы факультэтаў БрДУ, загадчыкі кафедраў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў.

На сустрэчы былі закрануты пытанні развіцця сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў Беларусі, акцэнтавана ўвага на словах Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «стварэнне камфортнага жыцця ў кожным кутку краіны – адна з галоўных мэтаў развіцця сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў Беларусі». У межах тэмы вызначана, што да сацыяльнай інфраструктуры адносіцца сукупнасць галін і прадпрыемстваў, што функцыянальна забяспечваюць нармальную жыццядзейнасць насельніцтва: аб’екты аховы здароўя (бальніцы, паліклінікі, амбулаторныя цэнтры, дыягнастычныя цэнтры, санаторыі, будынкі хуткай дапамогі, радзільныя дамы і пад.); адукацыі (дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзіцяці, вучэбна-педагагічныя комплексы, школы і пад.); культуры і рэлігіі (палацы культуры, культурна-забаўляльныя комплексы, музейныя комплексы, помнікі архітэктуры, галерэі, цэнтры мастацтваў, бібліятэкі, цэрквы, саборы і пад.); спорту і турызму (стадыёны, футбольныя манежы, дамы спорту, плавальныя басейны, фізкультурна-спартыўныя комплексы). Таксама закрануты пытанні адкрыцця па ўсёй краіне новых сацыяльных аб’ектаў да 7 лістапада 2019 года. Так, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава ў г. Мінску быў адкрыты пансіянат на 118 нумароў, у тым ліку і двухмесных, для пацыентаў і іх суправаджальнікаў; у Брэсцкай вобласці ў гарадскім пасёлку Целяханы быў адкрыты новы цэх па вытворчасці пластыкавых лыж; на базе УА «Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж» за кошт сродкаў абласнога бюджэту быў праведзены капітальны рамонт былых вучэбна-вытворчых майстэрняў і створаны рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю; у густанаселеным мікрараёне «Індустрыяльны» г. Ліды да свята адкрылі яслі-садок № 41; у г. Мінску быў адкрыты басейн па вул. Сяліцкага, прызначаны для аздараўленчага плавання і заняткаў спортам насельніцтва; у г. Асіповічы адкрыўся новы тэрапеўтычны корпус раённай бальніцы; у Гомельскім раёне быў адкрыты мост праз раку Сож і інш.

Уладзімір Калеснікаў закрануў пытанні, якія маюць адносіны да рынку працы, занятасці не толькі вобласці, але і дзяржавы ў цэлым. Былі разгледжаны дадзеныя статыстыкі за некалькі гадоў ўзроўню ўрбанізацыі, беспрацоўя, дынамікі колькасці насельніцтва, міграцыі. Акрамя таго, былі прадстаўлены асноўныя мерапрыемствы падпраграмы «Садзейнічанне занятасці насельніцтва». Да іх адносяцца: забеспячэнне сацыяльных гарантый, арганізацыя і правядзенне аплачваемых грамадскіх работ, часовай занятасці моладзі, якая навучаецца, мерапрыемстваў па адаптацыі інвалідаў і працоўнай дзейнасці, арганізацыя навучання і перанавучання беспрацоўных грамадзян, садзейнічанне беспрацоўным грамадзянам у арганізацыі самастойнай занятасці і мн. інш.

Падобныя сустрэчы дазваляюць глыбей пазнаёміцца з дзейнасцю розных галін і ўбачыць перспектывы развіцця рэгіёна і краіны ў цэлым.

Т. В. Сакалова,
прарэктар па выхаваўчай працы

Падзяліцца: