Аб развіцці тэлерадыёвяшчання і не толькі

28 кастрычніка гасцямі ўніверсітэта былі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Браніслававіч Давыдзька і дырэктар тэлерадыёкампаніі «Брэст» Ларыса Дзмітрыеўна Дабрадомава.

На сустрэчы са студэнтамі і работнікамі Генадзю Браніслававічу прыйшлося адказваць на пытанні не толькі ў якасці кіраўніка медыяхолдынга, але і ў якасці тэлевядучага і нават акцёра. Канкурэнцыя сярод беларускіх тэлеканалаў, стварэнне тэлеперадач на замежных мовах, павелічэнне колькасці перадач для моладзевай аўдыторыі, выкарыстанне беларускай мовы і многае іншае цікавіла студэнтаў.

Павышаная цікавасць да сучаснасці і будучыні беларускага тэлерадыёвяшчання з боку нашых студэнтаў тлумачыцца яшчэ і тым, што многія з іх самі ўдзельнічаюць у стварэнні тэлепраграм на Брэсцкай студыі тэлебачання, а шэраг студэнтаў супрацоўнічаюць з тэлерадыёкампаніяй «Брэст» у якасці дастаткова паспяховых журналістаў.

Г.Б.Давыдзька не толькі адказваў на пытанні, але і сам пытаўся ў аўдыторыі, якой павінна быць сучасная літаратура і што можа ў XXI быць нацыянальнай ідэяй беларусаў.

Падводзячы вынікі суразмовы, рэктар універсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер падзякавала Генадзю Браніслававічу Давыдзьку за яго цікавае і шчырае выступленне, а Ларысе Дзмітрыеўне Дабрадомавай – за плённае супрацоўніцтва з універсітэтам.

Прэс-служба ўніверсітэта

Падзяліцца: