24-25 кастрычніка семінар гасцяваў у БрДУ імя А.С. Пушкіна

24-25 кастрычніка 2014 года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў міжуніверсітэцкі навукова-практычны семінар з міжнародным удзелам «Фізічнае развіццё дзяцей і моладзі: марфалагічныя і функцыянальныя аспекты». Для вочна-завочнага ўдзелу ў семінары былі пададзены больш за 50 заявак з Расіі, Украіны, Польшчы, Галандыі і Беларусі. Семінар (5-ы па ліку) быў арганізаваны па ініцыятыве навуковай групы пад кіраўніцтвам дацэнта А.М. Герасевіча (кафедра АФіБЧ, сумесна з кафедрамі ТіМФВ і ЛАПіЛС, БрДУ імя А.С. Пушкіна), а таксама навукоўцаў з РДУФКСМіТ (ДЦОЛІФК, кір. прафесар. В.У. Козырава, Масква) і Універсітэта Адама Міцкевіча (кір. доктар С. Кшыська, Познань, Польшча). Арганізацыйную падтрымку семінару аказалі БААС РДГА «Беларускае таварыства “Веды”» і Упраўленне спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама.

Семінар прывітальным словам адкрыў прарэктар па навуковай працы і эканоміцы, старшыня навуковага камітэта, дацэнт А.Я. Будзько. На двух пленарных пасяджэннях былі заслуханы цікавыя даклады, якія раскрываюць розныя актуальныя праблемы: рухальнага развіцця малодшых школьнікаў (доктар С. Кшыська, Познань), індывідуальнага ўспрымання трэніровачнай нагрузкі спартсменамі (канд. пед. навук, дацэнт А.В. Шароў), сучасных трэндаў морфафункцыянальнага стану дзяцей, падлеткаў і студэнтаў (канд. біял. навук, дацэнт А.М. Герасевіч), пераваг у харчаванні вясковых школьнікаў (доктар І. Радзевіч-Грын, Чэнстахова), прыкладных аспектаў функцыянальнай асіметрыі мозга (канд. біял. навук, дацэнт Л.А. Шытаў) і сімволікі рухаў у традыцыйным Кітаі (канд. пед. навук. Г.П. Пастушак).

У першы дзень была арганізавана выстава скульптур «Энергія і гармонія рухаў» аўтара Г.П. Пастушака. Малыя скульптурныя формы адлюстроўвалі эстэтыку, разнастайнасць і ўнутраную сутнасць багатага свету рухаў – ад грацыёзнай пластычнасці да маланкавай рухомасці, ад утылітарнага аздараўленчага практыкавання да філасофіі здароўя. Спецыялісты Цэнтра экалогіі правялі экскурсію па Зімовым садзе БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Цікавымі былі паказаныя ўдзельнікам семінара майстар-класы па гідрааэробіцы (інструктар – І. Жолаб) і аэробіцы (комплексныя заняткі з элементамі розных стыляў, інструктар – Ю. Баруціна). Госці і студэнты факультэта фізічнага выхавання, якія ўдзельнічалі ў майстар-класах, атрымалі наглядныя прафесійныя ўрокі.

На двух пасяджэннях круглага стала заслуханы паведамленні па розных напрамках працы семінара. Кожнаму з выступоўцаў (выкладчыкі, дыпломнікі-студэнты, спецыялісты-практыкі) былі зададзены пытанні, прайшла змястоўная дыскусія з абмеркаваннем сучасных праблем фізічнага развіцця і здароўя.

У межах семінара прайшла экскурсія з наведваннем сядзібы Нямцэвічаў у Скоках і сучасных спартыўных аб'ектаў г. Брэста (палац водных відаў спорту, лядовы палац, лёгкаатлетычны манеж, вяслярны канал).

Старшыня аргкамітэта семінара,
дацэнт А.М. Герасевіч

Падзяліцца: