Візіт рэктара Г. М. Сендзер у Ізраіль

Сустрэча ў пасольстве Рэспублікі Беларусь з кіраўніком упраўлення міжнародных адносін Міністэрства навукі і тэхналогій Дзяржавы Ізраіль Б. Гатэніа і кіраўніком аддзела сацыяльных навук і грамадскасці Міністэрства навукі і тэхналогій Дзяржавы Ізраіль А. Альтшулерам
Сустрэча з рэктарам Халонскага тэхналагічнага інстытута, прафесарам Эдуардам Якубавым
Падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні з Халонскім тэхналагічным інстытутам
Сустрэча з дырэктарам Цэнтра дыяспары Тэль-Авіўскага ўніверсітэта С. Гольдзіным і старшым навуковым супрацоўнікам Цэнтра Л. Смілавіцкім
Сустрэча з кіраўніком аддзела міжнародных праграм і развіцця Тэль-Авіўскага ўніверсітэта, Генеральным дырэктарам Еўра-Азіяцкага яўрэйскага кангрэсу Хаімам Бен-Яакавым
Сустрэча ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль з Паслом Беларусі ў Ізраілі Вараб’ёвым Я. С.
Сустрэча з супрацоўнікамі музея Яд ва-Шэм ў Ізраілі
Сустрэча з кіраўніком аддзела міжнародных праграм і развіцця Х. Бен-Яакавым і доктарам Цэнтра Камінгса Б. Марозавым

Рэктар БрДУ імя А. С. Пушкіна Ганна Мікалаеўна Сендзер прыняла ўдзел у Дзелавым візіце прадстаўнікоў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь у Дзяржаву Ізраіль з 3 па 7 лістапада 2019 года.

Візіт арганізаваны пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль.

У складзе дэлегацыі рэктар нашага ўніверсітэта наведала шэраг устаноў адукацыі Дзяржавы Ізраіль: Тэль-Авіўскі ўніверсітэт, Яўрэйскі ўніверсітэт у Іерусаліме, Халонскі тэхналагічны інстытут. Акрамя таго, адбыліся сустрэчы ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль, Цэнтры дыяспары Тэль-Авіўскага ўніверсітэта, Цэнтры гісторыі Халакоста, Ізраільскім агенцтве міжнароднага супрацоўніцтва МАШАВ пры МЗС Ізраіля, Усеізраільскім аб’яднанні выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі.

У межах шматлікіх сустрэч бакі абмеркавалі дзейсныя падыходы да сістэм адукацыі ў абедзвюх краінах, напрамкі сумеснай навукова-даследчай працы, магчымасці правядзення сумесных мерапрыемстваў, пытанні стажыровак, павышэння кваліфікацыі, гасцявых лекцый, студэнцкіх абменаў у краіне-партнёры, турыстычных экскурсій у Беларусь і інш.

У ходзе дзелавога візіту быў падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні з Халонскім тэхналагічным інстытутам. Мемарандум падпісалі рэктар БрДУ імя А. С. Пушкіна прафесар Г. М. Сендзер і рэктар Халонскага тэхналагічнага інстытута прафесар Эдуард Якубаў. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні з Халонскім тэхналагічным інстытутам сумесных анлайн-канферэнцый, лекцый і іншых мерапрыемстваў для выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ-партнёраў.

Дасягнута дамоўленасць аб падпісанні Мемарандума аб узаемаразуменні з Тэль-Авіўскім універсітэтам і Цэнтрам дыяспары Тэль-Авіўскага ўніверсітэта, тэкст адпаведных дакументаў перададзены ізраільскаму боку для ўзгаднення.

Тэль-Авіўскі ўніверсітэт з’яўляецца адным з найбуйнейшых універсітэтаў Ізраіля і налічвае 9 факультэтаў, 29 школ і 98 аддзяленняў. У ім навучаецца каля 30 000 студэнтаў. Дырэктар Цэнтра дыяспары Тэль-Авіўскага ўніверсітэта Сімха Гольдзін і старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра Леанід Смілавіцкі праявілі цікавасць да навуковых даследаванняў кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі БрДУ імя А. С. Пушкіна Разенблата Я. С. па гісторыі яўрэяў Беларусі і выказалі гатоўнасць ва ўсталяванні супрацоўніцтва па рэалізацыі сумесных навуковых праектаў па гісторыі яўрэяў Беларусі і, у прыватнасці, яўрэяў Брэста, паколькі брэсцкая яўрэйская абшчына – найстарэйшая ў Беларусі.

Ва ўсталяванні партнёрскіх адносін з навучальнымі ўстановамі Дзяржавы Ізраіль мы бачым вялікія перспектывы для навуковага і культурнага абмену.

Падзяліцца: