Конкурс паміж студэнцкімі саветамі інтэрнатаў УА «БрДУ імя А.С. Пушкіна»

23 красавіка ў актавай зале ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» прайшоў конкурс паміж студэнцкімі саветамі інтэрнатаў пад назвай «Дом, у якім мы жывём!». Мэта конкурсу – спрыяць раскрыццю творчага патэнцыялу студэнтаў і ўзмацніць узаемадзеянне калектываў студсаветаў інтэрнатаў з моладзевымі грамадскімі арганізацыямі. Арганізатарамі конкурсу выступілі прафсаюзны камітэт студэнтаў і студэнцкі клуб.

У журы конкурсу ўвайшлі: прарэктар па выхаваўчай і сацыяльнай працы І.Г. Матыцына, старшыня Брэсцкага гарадскога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.А. Жак, начальнік аддзела выхаваўчай працы Т.М. Кошык, загадчык студклуба К.А. Ефімовіч, сакратар першаснай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі» А.М. Філіповіч, старшыня прафкама студэнтаў Р.В. Чуль.

Ва ўжо традыцыйным конкурсе паміж студсаветамі інтэрнатаў універсітэта ўдзел прымалі ўсе 4 інтэрнаты нашай Alma mater. Студэнцкія калектывы інтэрнатаў рыхтавалі наступныя конкурсныя нумары: «Інтэрнацкае пытанне па-студэнцку» (відэаролік пра жыццё інтэрната); «Студэнцкі моладзевы касцюм» (кожны касцюм меў сваю назву, на сцэне праходзіла дэманстрацыя і абарона мадэляў); стэм-сцэнка «Моладзь мінулага і будучыні ў інтэрнаце»; конкурс старшыняў студэнцкіх саветаў «А ці можаш ты гэта?..».

Абсалютным пераможцам конкурсу стаў студэнцкі савет інтэрната № 1 (старшыня Яўген Арабейка, 2 курс, гістарычны факультэт; выхавальнік І.М. Серада, вул. Леніна, 68), за што і атрымаў ад прафкама студэнтаў падарункавы сертыфікат. Студсавет інтэрнатаў №  2 (вул. Дзяржынскага, 3), № 3 (вул. Смірнова, 17), № 4 (вул. Пушкінская, 100) сталі пераможцамі ў розных намінацыях і за эфектыўную працу ў камандзе атрымалі салодкія прызы.

Р.В. Чуль

Падзяліцца: