Усё лепшае чакае нас наперадзе

7 красавіка ў Цэнтры моладзевай творчасці адбылося ўрачыстае закрыццё фестывалю студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна-2017». Цырымонія ўзнагароджання, святочны канцэрт, а таксама ўсмешкі і апладысменты – гледачы на «ўра» прымалі ўніверсітэцкіх зорак.

Святло ... Заслона ... Пачалі! .. На сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі канцэрта, каб песняй «Хто, калі не мы» задаць тон мерапрыемству. Такі нечаканы старт урачыстага вечара паказаў, што студэнты нашага ўніверсітэта гатовыя кожны дзень здзіўляць сваімі талентамі і зараджаць энергіяй і пазітывам.

Затым з прывітальным словам выступіў першы прарэктар БрДУ Сяргей Андрэевіч Марзан. Ён адзначыў, што фестываль мае вялікую ролю ў згуртаванні студэнцкай моладзі і фарміраванні ў яе адказнасці за сваю будучыню і будучыню роднага ўніверсітэта і любімай Беларусі. Сяргей Андрэевіч пажадаў прысутным мэтанакіраванасці, поспехаў у навуковай і творчай дзейнасці, а таксама выказаў упэўненасць у тым, што іх чакае шмат знамянальных падзей.

Важным момантам свята стала ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў вакальнага конкурсу «Квінта» і конкурсу прыгажосці і фотагенічнасці «Міс фота», якім былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі. Канцэртную праграму працягнулі выступленні ўніверсітэцкіх артыстаў Яніны Гац, Хван Джон Хва, Фёдара Мартыновіча, Васіліны Буцкевіч, Паўла Канановіча, студыі сучаснага танца «One Way» і іншых. Апошнім акордам фестывалю стала выкананне ўсімі ўдзельнікамі канцэрта песні «Радасць, прывітанне» і рознакаляровы шарапад.

«Студэнцкая вясна-2017» завяршылася, а арганізатары ўжо пачынаюць рыхтавацца да сустрэчы ў наступным годзе, каб увасобіць у фестывалі яшчэ больш цікавых і крэатыўных ідэй, бо ўсё лепшае чакае нас наперадзе!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: