Агульныя звесткі

Установа адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” пачынае адлік сваёй гісторыі са стварэння настаўніцкага інстытута ў г. Брэсце (рашэнне пра стварэнне інстытута зацверджана пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 06.06.1945 № 801). У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў СССР ад 23.09.1950 № 15414-р настаўніцкі інстытут рэарганізаваны ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна, які загадам Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь ад 22.08.1995 № 320 перайменаваны ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 1999 г. № 275 Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту нададзена імя А.С. Пушкіна.

У адпаведнасці з загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 мая 2014 года рэктарам універсітэта прызначана доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер.

Сустрэча Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь I.В. Карпенкі
са студэнцкай моладдзю БрДУ імя А.С. Пушкіна

За 75 год універсітэт прайшоў слаўны шлях ад настаўніцкага інстытута да класічнага ўніверсітэта, агульнапрызнанага цэнтра культурнага, адукацыйнага і навукова-інавацыйнага развіцця Брэсцкага рэгіёна.

За дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці адукацыйных паслуг, навуковай прадукцыі, укараненне інавацыйных тэхналогій і метадаў менеджменту Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 01.03.2017 г. № 171 установе адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” прысуджана Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. У 2020 годзе ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі ад 03.04.2020 года № 203 установе адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці прысуджана паўторна.

Уручэнне рэктару БрДУ імя А.С. Пушкіна прафесару Г.М. Сендзер
Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці (15.07.2020)

У 2020 г. універсітэт паспяхова прайшоў рэсертыфікацыйны аўдыт і атрымаў Сертыфікат адпаведнасці СТБ ISO 9001-2015 (да 2023 года).

Сёння ўніверсітэту ўласцівы шматпрофільнасць і шматузроўневасць прафесійнай падрыхтоўкі. Універсітэт ажыццяўляе прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў па наступных профілях вышэйшай адукацыі: “Педагогіка”, “Гуманітарныя навукі”, “Прыродазнаўчыя навукі”, “Сацыяльная абарона”, “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “ Экалагічныя навукі”, “Тэхніка і тэхналогіі”, “Фізічная культура. Турызм і гасціннасць”.

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць 9 факультэтаў (філалагічны, псіхолага-педагагічны, сацыяльна-педагагічны, факультэт замежных моў, факультэт фізічнага выхавання і турызму, факультэт прыродазнаўства, фізіка-матэматычны, гістарычны і юрыдычны факультэты), 34 кафедры; магістратура; аспірантура; Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі; адасобленае структурнае падраздзяленне Пінскі каледж.

Лабараторныя заняткі па біятэхналогіях

БрДУ імя А.С. Пушкіна акрэдытаваны па 35 спецыяльнасцях I ступені вышэйшай адукацыі і 28 спецыяльнасцях II ступені вышэйшай адукацыі. За апошнія гады адкрыты шэраг новых спецыяльнасцей і спецыялізацый на I ступені вышэйшай адукацыі (“Лагапедыя”, “Медыцынская псіхалогія” і інш.) і на II ступені (“Навукова-педагагічная дзейнасць”, “Матэматыка і камп’ютарныя навукі”, “Лінгвадыдактыка” і інш.). На спецыяльнасцях I і II ступеняў вышэйшай адукацыі навучаецца каля 6000 студэнтаў і магістрантаў (у іх ліку 605 замежных грамадзян).

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рэалізуе павышэнне кваліфікацыі па 10 профілях і 18 напрамках адукацыі, перападрыхтоўку – па 17 спецыяльнасцях на ўзроўні вышэйшай адукацыі і па 3 спецыяльнасцях на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ажыццяўляецца па 15 спецыяльнасцях, 3 з якіх адпавядаюць V і VI тэхналагічным укладам. Неабходна заўважыць, што 60 % штатных выкладчыкаў універсітэта маюць вучоныя ступені і/або званні.

Пінскі каледж як структурнае падраздзяленне ўніверсітэта ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Замежная мова (англійская, нямецкая)”, “Музычная адукацыя”, “Турызм і гасціннасць”. У 2020 годзе навучэнка каледжа Крысціна Селюжыцкая па выніках удзелу ў IV Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Wordskills Belarus 2020” узнагароджана Дыпломам III ступені і бронзавым медалём у кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”.

Добры плён прыносіць узаемадзеянне ў сістэме “ўніверсітэт – каледж”. З 2017 па 2020 год у БрДУ імя А.С. Пушкіна падрыхтавана для Пінскага каледжа 10 магістраў і 1 кандыдат геаграфічных навук (С.В. Каржаневіч; навуковы кіраўнік – прафесар К.К. Красоўскі). Дырэктар Пінскага каледжа С.А. Барчук паспяхова абараніла магістарскую дысертацыю “Гісторыя станаўлення і развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь у 1940–2000-я гг. (на прыкладзе Пінскага каледжа ўстановы адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”)” (навуковы кіраўнік – прафесар Г.М. Сендзер). 2 выкладчыкі Пінскага каледжа (С.Г. Ятусевіч і А.Г. Піменаў) навучаюцца ў аспірантуры БрДУ імя А.С. Пушкіна (навуковы кіраўнік – прафесар Г.М. Сендзер). Універсітэт паспяхова вядзе падрыхтоўку спецыялістаў у рамках завочнай скарочанай формы атрымання вышэйшай адукацыі на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя” (3,5 г.), “Дашкольная адукацыя” (3,5 г.)”, “Турызм і гасціннасць” (3,5 г.).

Археалагічная практыка студэнтаў гістарычнага факультэта

З мэтай узмацнення практыкаарыентаванай прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў створана 46 філіялаў кафедраў. Заключаны дамовы аб узаемадзеянні з 51 базавай арганізацыяй (упраўленні і аддзелы адукацыі раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў Брэсцкай вобласці, ЗТАА “ERICPOL Brest”, ЗТАА “ЭПАМ Системз”, Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і інш.). Работнікі базавых арганізацый прымаюць напасрэдны ўдзел у праектаванні, ажыццяўленні і ацэнцы якасці адукацыйнага працэсу на спецыяльнасцях I і II ступеняў вышэйшай адукацыі. Па замове базавых арганізацый рэалізуюцца курсы інавацыйнага зместу (“Метады прамысловага праграміравання”, “Лінгвістычныя інтэрнэт-рэсурсы”, “Тэхналогіі і сэрвісы камп’ютарнага перакладу” і інш.).

Для каардынацыі навукова- і вучэбна-метадычнай дзейнасці ва ўніверсітэце створаны Навукова-метадычны савет. Адным з ключавых напрамкаў яго дзейнасці з’яўляецца фарміраванне ў выкладчыкаў метадычнай і метадалагічнай культуры праз арганізацыю прафесійных конкурсаў “Майстар лекцыйных заняткаў, “Майстар практычных (семінарскіх) заняткаў”, “Прафесійны дэбют” (для маладых выкладчыкаў), “Тэхнапанарама” (конкурс у сферы сучасных адукацыйных інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій), конкурс на лепшую дыпломную працу і магістарскую дысертацыю па прыродазнаўчых, педагагічных і гуманітарных спецыяльнасцях. Асаблівую ўвагу Навукова-метадычны савет надае падрыхтоўцы якаснага вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, у тым ліку вучэбных і вытворчых практык. У 2018– 2020 гг. больш за 40 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, распрацаваных выкладчыкамі ўніверсітэта, атрымалі грыфы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, профільных вучэбна-метадычных аб’яднанняў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, НМУ “Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У 2019–2020 гг. у “Інстытуце прыкладных праграмных сістэм” выкладчыкамі ўніверсітэта зарэгістраваны 81 электронны вучэбна-метадычны комплекс. З улікам рэалій цяперашняга часу актуальнай з’яўляецца задача ўкаранення сучасных формаў дыстанцыйнага навучання, інфармацыйна-тэлекамунікацыйных тэхналогій (Moodle, Google Meet, ZOOM і інш.), тэхналогій камп’ютарнай афлайн-дыягностыкі, анлайн-дыягностыкі, імітацыйна-мадэлюючых, праблемных, даследчых, інавацыйна-праектных, экспертна-рэфлексіўных і інш. метадаў і формаў.

Важную ролю ў падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў іграюць універсітэцкія цэнтры, лабараторыі, спецыялізаваныя вучэбныя кабінеты. Функцыянуюць навукова-метадычны цэнтр “Школа – сям’я”, юрыдычная клініка, зала судовых пасяджэнняў, кабінет геалогіі, цэнтр экалогіі з батанічнымі экспазіцыямі (зімні сад і сад бесперапыннага цвіцення) і аграбіялагічнай станцыяй, рэгіянальныбБеларуска-індыйскі цэнтр у галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, кампетэнтнасны цэнтр адукацыйнага менеджменту і міжнародных адукацыйных праграм, адукацыйна-асветны цэнтр імя Уладзіміра Калесніка і інш. У 2020 годзе створаны Інстытут Канфуцыя (сумесна з Аньхойскім універсітэтам).

Сумесным рашэннем ДКНТ і НАН Беларусі ўніверсітэт акрэдытаваны на статус навуковай арганізацыі (пасведчанне ад 27.12.2017 № 192). Ва ўніверсітэце паспяхова функцыянуе сістэма падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі: за апошнія тры гады выкладчыкамі ўніверсітэта абаронена 16 дысертацый на саісканне вучонай ступені кандыдата навук, 3 дысертацыі на саісканне вучонай ступені доктара навук.

Навуковая праца ва ўніверсітэце ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дамінантамі нацыянальнай стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018–2040”, прынятай на II з’ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з пералікам дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. У 2019 г. выконвалася 15 заданняў па 3 дзяржпраграмах: “Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы”, “Прыродакарыстанне і экалогія”, “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства”. Павялічылася колькасць фінансуемых навукова-даследчых прац, што выконваюцца кафедрамі ўніверсітэта (2015 г. – 23; 2019 г. – 29). У структуры НДП, якія фінансуюцца, дамінуюць фундаментальныя даследаванні (75 %).

У БрДУ імя А.С. Пушкіна паспяхова функцыянуюць навукова-педагагічныя школы: “Педагогіка і методыка вышэйшай школы” (прафесар Г.М. Сендзер), “Краіназнаўства і турызм” (прафесар К.К. Красоўскі), “Намінатыўная і функцыянальная лінгвістыка” (прафесар В.І. Сянкевіч), “Геалогія і геаграфія” (прафесар М.А. Багдасараў), “Гісторыя, культура і рэлігія заходнебеларускіх земляў” (прафесар А.М. Вабішчэвіч),”Псіхалогія самасвядомасці” (прафесар Л.Г. Лысюк), “Экалогія жывёл” (прафесар В.Е. Гайдук), “Беларускае гісторыка-функцыянальнае літаратуразнаўства: тэорыя і практыка інтэрпрэтацыі мастацкага твора” (прафесар З.П. Мельнікава), “Метадалагічныя і лінгвадыдактычныя аспекты фарміравання інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя навучання студэнтаў замежнай мове” (прафесар В.Ф. Сацінава), “Практычная псіхалогія дзяцінства” (прафесар кафедры псіхалогіі І.Я. Валітава) і інш.

За апошнія тры гады выкладчыкамі ўніверсітэта выдадзена 43 манаграфіі, надрукавана 483 артыкулы ў часопісах пераліку ВАК, 379 артыкулаў – у замежных часопісах, у тым ліку ў часопісах з высокім імпакт-фактарам, якія ўключаны ў міжнародныя навукаметрычныя базы дадзеных (SCOPUS, Web of Science і інш.).

Ва ўніверсітэце выдаецца шэраг навуковых часопісаў: “Вучоныя запіскі”, “Веснік Брэсцкага ўніверсітэта” (уключаны ў пералік ВАК Рэспублікі Беларусь). Навукова-тэарэтычны часопіс “Веснік Брэсцкага ўніверсітэта” мае пяць серый: “Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія”, “Гісторыя. Эканоміка”, “Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія”, “Фізіка. Матэматыка”, “Хімія. Біялогія. Навукі аб зямлі”.

За асаблівыя вынікі сацыяльна-гуманітарных і прыродазнаўчых даследаванняў выкладчыкам універсітэта прысуджаюцца прэміі першых прафесараў універсітэта С.Г. Кандрацені і У.А. Калесніка.

Значная ўвага надаецца таксама арганізацыі навукова-даследчай працы студэнтаў (НДПС), фарміраванню у студэнцкай моладзі каштоўнасных адносін да навукі, прыцягненню студэнтаў да выканання заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, праектаў БРФФД, стымуляванню развіцця стартап руху, падрыхтоўкі студэнтамі заявак на конкурсы (“100 ідэй для Беларусі”; нацыянальны кейс-чэмпіянат 2020 года на лепшае кейс-рашэнне “Агра 2.0” і інш.

Ва ўніверсітэце функцыянуе студэнцкае навуковае таварыства, савет маладых вучоных, 137 студэнцкіх навукова-даследчых аб’яднанняў, у ліку якіх – 10 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый (СНДЛ). Больш як 75 % студэнтаў прыцягнуты да навуковых даследаванняў. На Рэспубліканскі конкурс навуковых прац студэнтаў за апошнія тры гады даслана 157 прац, з іх 131 (83,4 %) прысвоена катэгорыя, прычым 41 даследчык (26,1 %) стаў лаўрэатам або яго праца атрымала дыплом першай катэгорыі.

У міжнародным супрацоўніцтве ўніверсітэт надае асаблівую ўвагу развіццю (дыверсіфікацыі) экспарту паслуг, пашырэнню геаграфіі экспарту і ўдзелу ў праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, адукацыйных праектах, праграмах мабільнасці (уключаючы развіццё “уваходнай” мабільнасці выкладчыкаў, студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў). У 2019 годзе план экспарту адукацыйных паслуг выкананы на 158 %. Ва ўніверсітэце навучаюцца 605 замежных грамадзян з Туркменістана, Азербайджана, Казахстана, Расіі, Таджыкістана, Украіны, Славакіі, Кітая, Пакістана і інш. краін.

Для ўніверсітэта характэрна шматвектарнасць міжнароднага супрацоўніцтва. Універсітэт удзельнічае ў рэалізацыі міжнародных праграм ЮНЕСКА, ПРААН, праектаў у рамках еўрапейскіх адукацыйных праграм Erasmus+, DAAD, праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі у межах праграмы “Трансгранічнае супрацоўніцтва Польша – Беларусь – Украіна” і інш. У 2019 г. сумесна з Нові-Садскім універсітэтам (Сербія) рэалізаваны міжнародны навукова-тэхнічны праект “Фенольныя злучэнні і антыаксідантная актыўнасць пладоў вішні і чарэшні сербскай і беларускай селекцыі” (навуковы кіраўнік – загадчык кафедры хіміі Н.Ю. Колбас). У 2020 г. завершана рэалізацыя еўрапейскага адукацыйнага праекта «FOSTERC» (“Развіццё кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі”) у рамках праграмы Erasmus+. З 2020 г. рэалізуецца міжнародны навукова-тэхнічны праект “Адкрываем мяжу разам” у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. У 2020 г. БрДУ імя А.С. Пушкіна сумесна з Ноўгарадскім дзяржаўным універсітэтам імя Яраслава Мудрага рэалізуе праект БРФФД-РФФД “Канцэпцыя і стратэгіі грамадзянскага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў кантэксце інфармацыйнай бяспекі”.

Універсітэтам заключана больш за 80 дагавораў аб міжнародным узаемадзеянні, у 2019–2020 гг. – 13 новых дагавораў аб супрацоўніцтве (Халонскі інстытут тэхналогій (Дзяржава Ізраіль); Нові-Садскі ўніверсітэт (Сербія); Інстытут адукацыі і прафесійнага развіцця (Рэспубліка Венгрыя); Прэшоўскі ўніверсітэт (Славацкая Рэспубліка); Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт імя Л.М. Гумілёва (Рэспубліка Казахстан); Сельчукскі ўніверсітэт (Турэцкая Рэспубліка); Аньхойскі ўніверсітэт (Кітай) і інш.). Універсітэт уваходзіць у “Сетку ўніверсітэтаў пагранічча” і іншыя кансорцыумы.

Лекцыя прафесара I.А. Швед для студэнтаў Аньхойскага ўніверсітэта

Універсітэт з’яўляецца міжнароднай дыялогавай пляцоўкай. У прыватнасці, на базе ўніверсітэта 17.05.2019 г. адбыўся міжнародны семінар “Міжкультурны дыялог на прасторы СНД”, у працы якога прынялі ўдзел члены Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў Садружнасці пры статутных і іншых органах СНД, супрацоўнікі амбасад дзяржаў, кіраўніцтва і супрацоўнікі Выканаўчага камітэта СНД, кіраўніцтва, выкладчыкі і студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Міжнародны семінар “Міжкультурны дыялог на прасторы СНД”

У маі 2019 г. універсітэт наведала дэлегацыя Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале з намеснікам Міністра Цянь Сюэцзюнем. Візіт адбыўся ў рамках рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай” і Плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2019 г. Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. У рамках візіту рэктар БрДУ імя А.С. Пушкіна Ганна Сендзер, намеснік дырэктара Штаб-кватэры Інстытутаў Канфуцыя “Ханьбань” Чжао Гочэн і рэктар Аньхойскага ўніверсітэта Куан Гуанлі падпісалі трохбаковую дамову аб стварэнні Інстытута Канфуцыя ў БрДУ. Інстытут Канфуцыя быў урачыста адкрыты 30.10.2020 года.

Падпісанне трохбаковага Пагаднення аб стварэнні ў БрДУ
імя А.С. Пушкіна Iнстытута Канфуцыя

Ідэалагічная і выхаваўчая праца ва ўніверсітэце накіравана на вырашэнне задач, вызначаных Канцэпцыяй бесперапыннага выхавання дзяцей навуэнскай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь, і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з падпраграмай 11 ”Моладзевая палітыка” Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і моладзевая палітыка”, Праграмай бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, Праграмай выхавання студэнцкай моладзі ва ўстанове адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”.

Ва ўніверсітэце працуе Каардынацыйны савет па ідэалагічнай і выхаваўчай працы; рэалізуюцца мэтавыя праграмы: “Праграма развіцця валанцёрскай дзейнасці студэнтаў універсітэта”, “Сацыяльная абарона навучэнцаў”, “Студэнцкі гарадок”, “Адаптацыя замежных навучэнцаў да адукацыйнай прасторы ўніверсітэта”, “Фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця суб’ектаў адукацыйнага працэсу ўніверсітэта”, “Праграма развіцця студэнцкага спорту ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна” і інш. Распрацавана і зацверджана сімволіка ўніверсітэта (эмблема і сцяг). Выдаюцца шматтыражная газета “Берасцейскі ўніверсітэт”, а таксама 7 факультэцкіх газет.

Асаблівая ўвага надаецца інфармацыйнай працы з моладдзю. Актыўна працуюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы ўніверсітэта і моладзевая інфармацыйная група. Штомесячна праводзяцца сустрэчы рэктара са студэнтамі факультэтаў, накіраваныя на фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, каштоўнасных арыенціраў, светабачання студэнтаў у адпаведнасці з ідэалогіяй беларускай дзяржавы, навуковай і вучэбнай матывацыі. Асаблівая ўвага надаецца прафілактыцы моладзевага экстрэмізму, робіцца ўсё, каб папярэдзіць уцягванне моладзі ў дэструктыўную дзейнасць.

Усе, хто набывае веды ў БрДУ, актыўна удзельнічаюць у разнастайных праграмах, форумах, праектах міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і гарадскога ўзроўняў. З красавіка 2016 года “Акадэмія добраахвотніцтва” ўніверсітэта сумесна з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа рэалізуе сацыяльны праект “Школа першай дапамогі”, сумесна з ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” – “Здаровае пакаленне”, рэалізуецца праект, накіраваны на сацыялізацыю і інтэграцыю дзяцей з дзіцячым цэрэбральным паралічам “У маёй руцэ твая рука”, а таксама педагагічныя праекты сацыяльна і асобасна значымай накіраванасці “Эстафета поспеху”, “Я – лідар”, “Клуб маладой сям’і”, “Майстэрня поспеху”, “Маё жыццё – мой выбар” і інш. Эксклюзіўнай формай выхаваўчай працы з’яўляецца Парад студэнцкай моладзі БрДУ імя А.С. Пушкіна “Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!”

Парад студэнцкай моладзі БрДУ імя А.С. Пушкіна
“Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!”

Шырокае развіццё атрымаў ва ўніверсітэце прафесійна накіраваны валанцёрскі рух. Дзейнічае 27 валанцёрскіх атрадаў, паспяхова функцыянуе валанцёрскі цэнтр універсітэта, Савет валанцёраў, “Акадэмія добраахвотніцтва”. Для ўдзелу ў якасці валанцёраў на II Еўрапейскіх алімпійскіх гульнях універсітэтам было сфарміравана 10 валанцёрскіх атрадаў, у склад якіх увайшлі 285 студэнтаў усіх факультэтаў.

Адкрыццё трэцяга працоўнага семестра «Працоўнае лета-2019»

Пастаянна ўдасканальваецца сістэма студэнцкага самакіравання. Дзейнічаюць саветы студэнцкага самакіравання ўніверсітэта і факультэтаў, студсаветы інтэрнатаў, старастат замежнікаў, моладзевы атрад аховы правапарадку і інш. Для навучання студактыву прадуктыўна працуе школа “ВОПЫТ”.

Выхаваўчая праца ва ўніверсітэце характарызуецца варыятыўнасцю формаў: конкурсы (“Павер у сябе!” (на званне “Студэнт года”), на лепшую вучэбную групу, “Таямніцы слова і думкі”, “Каралева фітнесу БрДУ імя А.С. Пушкіна” і інш.), фестывалі (“АРТ-сесія”, “Студэнцкая вясна”, “Фарбы роднай краіны”, фестываль замежных студэнтаў і інш.), адукацыйная прэзентацыя “Мой родны кут” (на нямецкай і беларускай мовах), спартыўны калейдаскоп “Верасень здароўя” і інш. Актыўна ўкараняюцца новыя формы, напрыклад: Фестываль сяброўства (у рамках святкавання 1000-годдзя г. Брэста), відэачасопіс “75 год Вялікай Перамогі”, універсітэцкі анлайн-конкурс “Сімвал памяці” на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках, марафон фізічнай культуры “Шлях да здароўя” і інш.

“Фестываль дружбы”, арганізаваны БрДУ імя А.С. Пушкіна
ў рамках 1000-годдзя г. Брэста

Для рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі ва ўніверсітэце дзейнічаюць калектывы мастацкай творчасці і клубныя аб’яднанні: тэатральная студыя, вакальная студыя эстрадных спеваў “Ступені”, вакальна-інструментальная студыя “АйЦІС”, студыя танца “ONE WAY”, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Берагіня”, клуб “Дыялог культур”, фотагурток “Фокус”, творчая майстэрня дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Повязь” і інш.

Навучэнцы БрДУ імя А.С. Пушкіна штогод варта абараняюць гонар універсітэта на мерапрыемствах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, становяцца лаўрэатамі, пераможцамі і прызёрамі творчых конкурсаў і фестываляў.

Асаблівая ўвага надаецца ва ўніверсітэце развіццю студэнцкага спорту. Тут функцыянуе спартыўны клуб. У складзе Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь у розных відах спорту – 32 нашы студэнты. Спартсмены БрДУ імя А.С. Пушкіна з’яўляюцца ўдзельнікамі, прызёрамі і пераможцамі самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. У прыватнасці, Пётр Асаёнак (цяжкая атлетыка) быў удзельнікам Алімпійскіх гульняў (2016; 6 месца), удзельнікам чэмпіянату свету (2018; Туркменістан; 5 месца), заваяваў бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы (2019; Грузія). Аляксандр Гарбаты заняў 1 месца на чэмпіянаце свету па змешаных адзінаборствах (2018; Рэспубліка Беларусь). Дзмітрый Каранковіч выйграў чэмпіянат свету па гіравым спорце (2017; Грэцыя). Людміла Псышчаніца заваявала два сярэбраныя медалі на чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі па цяжкай атлетыцы (2017; Рэспубліка Польша), бронзавую медаль на чэмпіянаце свету сярод юніёраў (2017; Японія) і інш.

Пётр Асаёнак - удзельнік Алімпійскіх Гульняў, Чэмпіянатаў Свету,
бронзавы прызёр Чэмпіянату Еўропы (2019) па цяжкай атлетыцы

Барановичский государственный университет
Белорусская государственная академия искусств
Белорусская медицинская академия последипломного образования
Белорусский государственный медицинский университет
Белорусский государственный университет транспорта
Белорусский государственный экономический университет
Брестская областная библиотека имени М. Горького
Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет
Витебский государственный технологический университет
Витебский государственный университет имени П. М. Машерова
Гомельский государственный технический университет имени П. О. Сухого
Гродненский государственный университет имени Я.Купалы
Дніпропетровський національний університет імені Олеся Гончара
Университет гражданской защиты МЧС Беларуси
Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова
Могилевский государственный университет продовольствия
Мозырский государственный педагогический университет имени И. П. Шамякина
Академия Министерства внутренних дел Республики Беларусь
Белорусская ассоциация студенческого спорта