Голас. Студэнцтва. Квінта

Ужо каторы год вясной у БрДУ імя А.С. Пушкіна пачынаецца творчы перапалох – фестываль «Студэнцкая вясна» нікога не пакідае раўнадушным. Разнастайныя конкурсы, сустрэчы і канцэрты фестывалю адкрываюць для творчай моладзі нашага ўніверсітэта велізарны спектр магчымасцей сябе паказаць і на іншых паглядзець. У гэты час на перапынках у калідорах БрДУ – універсітэта, дзе многа спяваюць – можна было лёгка натрапіць на каго-небудзь «галасістага»: адны рэпеціравалі, другія – проста спявалі. Нарэшце, 25 сакавіка, у «самую музычную суботу 2017 года» ўсе самыя моцныя вакалісты БрДУ сабраліся ва ўніверсітэцкім корпусе № 2, каб пазмагацца за перамогу ў вакальным конкурсе «Квінта».

На сцэне сярод канкурсантаў былі як ужо знаёмыя ўсім рабяты, што даўно радуюць нас сваімі выступленнямі на канцэртах, так і маладыя, «узыходныя» зоркі ўніверсітэта. Былі і тыя, хто толькі дэбютаваў – і ўсе яны прыемна здзівілі публіку сваімі галасамі, уборамі і ўменнем трымацца на сцэне. Творчыя нумары студэнтаў былі вельмі душэўная і стваралі асаблівую, цёплую, атмасферу ў зале. Яркія касцюмы і шыкоўныя сукенкі гарманіравалі з класічнымі вобразамі, хуткія мелодыі змяняліся больш павольнымі. Галоўная гаспадыня мерапрыемства была музыка: запальная і вясёлая, лірычная і страсная. Але ўсё ж у гэты дзень уся ўвага журы і гледачоў была аддадзена галасам – такім розным галасам студэнцтва. Многа спявалі пра зразумелае ўсім і цудоўнае пачуццё – каханне. Гучалі песні на беларускай, рускай, англійскай, туркменскай і французскай мовах. Ніхто з рабят не звярнуўся да танцавальнага суправаджэння, і толькі некаторыя ўдзельнікі акампаніравалі сабе на гітары.

Пераможцамі ўніверсітэцкага конкурсу вакалістаў «Квінта» ў наступных намінацыях сталі:

  • «Акадэмічныя спевы»:
    • 1-е месца: Хван Джон Хва (філалагічны факультэт);
    • 2-е месца: Андрэй Пракапчук (фізіка-матэматычны факультэт);
    • 3-е месца: Анастасія Малюк (геаграфічны факультэт);
  • «Эстрадныя спевы»:
    • 1-е месца: Мікалай Вабішчэвіч (факультэт фізічнага выхавання) і Фёдар Мартыновіч (гістарычны факультэт);
    • 2-е месца: Сафія Абрубка (факультэт замежных моў) і Ксенія Пухнарэвіч (факультэт замежных моў);
    • 3-е месца: Васіліна Буцкевіч (філалагічны факультэт) і Яўген Клімашэвіч (факультэт фізічнага выхавання);
  • Прыз глядацкіх сімпатый:
    • Аляксандр Журовіч (юрыдычны факультэт);
  • Спецыяльны прыз журы:
    • Вайтуховіч Вераніка (сацыяльна-педагагічны факультэт);
    • Вакальны гурт «Рух».

Віншуем пераможцаў і спадзяёмся, што абавязкова атрымаем зноў асалоду ад іх талентаў!

Аляксандра Гусева (факультэт замежных моў)

Падзяліцца: