Валанцёрскі цэнтр
Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна
«Акадэмія добраахвотніцтва»

Ва ўстанове адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” на высокім прафесійным узроўні на рэгулярнай аснове ажыццяўляецца добраахвотніцкая  дзейнасць; рэалізуецца мэтавая праграма “Валанцёрская дзейнасць студэнтаў”; паспяхова функцыянуе Савет валанцёраў універсітэта і Акадэмія добраахвотніцтва. На сённяшні дзень ва ўніверсітэце дзейнічаюць 23 валанцёрскія атрады.

Валанцёрская дзейнасць ва ўніверсітэце рэгламентуецца лакальнымі нарматыўнымі дакументамі: “Палажэнне аб валанцёрскім атрадзе (групе)”, “Палажэнне аб валанцёрскай дзейнасці ва ўніверсітэце”, “Палажэнне аб Савеце валанцёраў універсітэта”.

Праца ўсіх валанцёрскіх атрадаў арганізавана па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, студэнты-валанцёры старэйшых курсаў дзеляцца сваімі ведамі і вопытам са студэнтамі-валанцёрамі малодшых курсаў. Гэта спрыяе фарміраванню ў апошніх пазітыўных сацыяльных установак, каштоўнасных арыентацый, выпрацоўцы разнастайных практычных уменняў і навыкаў, набыццю вопыту аказання бязвыплатнай дапамогі розным катэгорыям грамадзян.

Так, у Брэсцкім дзяржаўным ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна з 2010 года дзейнічае Акадэмія добраахвотніцтва (далей Акадэмія). Акадэмія добраахвотніцтва з’яўляецца дабравольным аб’яднаннем студэнтаў і работнікаў установы адукацыі, якія прапагандуюць і падтрымліваюць ідэі добраахвотніцкай працы ў асяродку моладзі.

Мэтай яе з’яўляецца фарміраванне ў студэнтаў іх прафесійнай накіраванасці праз ажыццяўленне валанцёрскай дзейнасці, арыентаванай на вырашэнне педагагічных, псіхалагічных, сацыяльна значымых і экалагічных праблем у грамадстве; прапаганда ідэй добраахвотніцкай працы сярод моладзі.

Для дасягнення пастаўленай мэты ў Акадэміі выкарыстоўваюцца наступныя формы і метады працы:

  • арганізацыя піяр-кампаній пра дзейнасць Акадэміі, яе мэты і задачы праз публікацыі ў малатыражнай газеце “Берасцейскі ўніверсітэт”, афармленне стэнда, які адлюстроўвае змест дзейнасці Акадэміі, і інтэрнэт-навіны аб працы Акадэміі на сайце ўніверсітэта, а таксама ў СМІ г. Брэста;
  • арганізацыя навучальных заняткаў для валанцёраў, трэнінгавых мерапрыемстваў, семінараў, круглых сталоў, дыдактычных кафэ, мерапрыемстваў па абмене вопытам;
  • арганізацыя практычных заняткаў студэнтаў (акцыі, аўтрыч-праца, флэш-мобы, наведванне па месцы пражывання, наведванне сацыяльных інстытутаў і інш.);
  • арганізацыя інфармацыйна-асветных мерапрыемстваў (інфармацыйныя сесіі, гутаркі, сустрэчы, інфа-палаткі і інш.);
  • арганізацыя мерапрыемстваў, накіраваных на заахвочванне і прызнанне дзейнасці валанцёраў і кіраўнікоў валанцёрскіх груп.