Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сучасныя тэхналогіі ў дзейнасці ААПТ”

З 12 па 16 мая 2014 года група маладых навукоўцаў геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна: выкладчык кафедры сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і турызму Дзяніс Анатольевіч Трафімчук, студэнтка 5-га курса Кацярына Трафімчук, студэнт 4-га курса Іван Плескацэвіч і студэнтка 2-га курса Вольга Новік – прынялі ўдзел у працы асноўнай пляцоўкі і “Школы маладых вучоных”, арганізаваных у межах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасныя тэхналогіі ў дзейнасці ААПТ”, якая праходзіла ў Дзяржаўнай прыродаахоўнай установе “Нацыянальны парк “Нарачанскі”.

Варта адзначыць шырокую геаграфію ўдзельнікаў ШМВ: прысутнічалі прадстаўнікі Беларусі (Мінск, Віцебск, Магілёў і інш.), краін Блізкага Замежжа (Барнавул, Смаленск, Львоў, Харкаў).

Падчас працы ШМВ было прадстаўлена больш за 20 ГІС-праектаў, змест якіх ацэньвала міжнароднае журы з вядучых спецыялістаў у галіне ГІС.

ГІС-праекты прадстаўнікоў геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна адлюстроўвалі разнастайныя напрамкі даследаванняў:

“Стварэнне ГІС-праекта асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Брэсцкай вобласці для навучальных мэт” (аўтар праекта – Д.А.Трафімчук, навуковы кіраўнік – С.М.Такарчук);

“Стварэнне рэгіянальнай ГІС асабліва ахоўных прыродных тэрыторый для мэт атласнага картаграфавання (на прыкладзе басейна ракі Шчара)” (аўтар праекта – К.В.Трафімчук, навуковы кіраўнік – С.М.Такарчук);

“ГІС асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Палескай ландшафтнай правінцыі” (аўтар праекта – І.М.Плескацэвіч, навуковы кіраўнік – С.М.Такарчук);

“ГІС-аналіз антрапагеннага пераўтварэння гідраграфічнай сеткі Рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі” (у межах Бярозаўскага раёна)” (аўтар праекта – В.І.Новік, навуковы кіраўнік – А.В.Такарчук).

Пры падвядзенні вынікаў працы ШМВ арганізатары канферэнцыі адзначылі высокі ўзровень ГІС-праектаў удзельнікаў. Хвалюючым момантам было ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу ў розных намінацыях, уручэнне сертыфікатаў удзельніка канферэнцыі і памятных сувеніраў. Асабліва прыемна, што адным з двух лаўрэатаў конкурсу ГІС-праектаў стала прадстаўніца нашага факультэта Вольга Новік, а дыпломамі пераможцаў у розных намінацыях узнагароджаны ўсе нашы ўдзельнікі.

Удзельнікі канферэнцыі выказваюць падзяку навуковым кіраўнікам прадстаўленых на канферэнцыі ГІС-праектаў Святлане Міхайлаўне Такарчук і Алегу Васільевічу Такарчуку, а таксама дэкану геаграфічнага факультэта Ірыне Васільеўне Абрамавай за арганізацыю паездкі на канферэнцыю.

Кацярына Трафімчук,
студэнтка 5-га курса геаграфічнага факультэта

Падзяліцца: