Роднае, сваё – у БрДУ правялі свята, прысвечанае беларускай мове

Вядома: пакуль жыве мова народа, жыве і сам народ. На жаль, сёння мы не так часта карыстаемся беларускай мовай. Міжнародны дзень роднай мовы – добрая нагода ўзгадаць свае карані і традыцыі. Свята, якое падрыхтавала кафедра беларускага і рускага мовазнаўства, звярнула калектыў БрДУ імя А.С. Пушкіна ў гісторыю беларускай мовы.

21 лютага Міжнародным днём роднай мовы было аб’яўлена Генеральнай канферэнцыяй ЮНЭСКА. Сёння для кожнага беларуса гэты дзень вельмі важны, асабліва для філолагаў. Выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта пазнаёмілі ўдзельнікаў мерапрыемства з азначэннямі паняцця “родная мова”. Выконваючы народныя песні і чытаючы вершы беларускіх аўтараў, моладзь сэрцамі дакранулася да беларускага слова. Дацэнт Надзея Яўгеньеўна Нікіціна правяла інтэрактыў і прадставіла дзесяць цікавых фактаў пра беларускую мову. Студэнты прызентавалі праекты, напраўленыя на папулярызацыю нацыянальнай афарыстычнай спадчыны, іменаслову, а таксама расказалі пра творчасць з неабмежаванымі магчымасцямі.

Напрыканцы слова ўзяў рэктар. Юрый Пятровіч Голубеў адзначыў, што ўсім было добра і цёпла ў гадзіну больш глыбокага пазнання матчынай мовы. Арганізатары падрыхтавалі для рэктара шэраг пытанняў на беларускай мове. Кіраўнік універсітэта цудоўна адказаў на ніх. Прыгожым завяршэннем свята стала ўручэнне рэктару і прарэктару па ідэалагічнай і выхаваўчай працы Алене Аляксееўне Бурык кнігі “Сэрца на паперы пакідаю” выпускніцы філалагічнага факультэта, супрацоўніка рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Кацярыны Сямёнаўны Мізерыі. Дэкан філфака Таццяна Васільеўна Сянкевіч выказала словы ўдзячнасці за арганізацыю мерапрыемства.

Свята роднай мовы суправаджалі выстава "Жывое слова мудрасці" і работа інтэрактыўных пляцовак.

Кожны год Міжнародны дзень роднай мовы нагадвае нам аб каштоўнасці і багацці беларускай культуры і традыцый. Для нас беларуская мова – гэта не проста сродак зносін, а крыніца натхнення.

Юлія Воўк
Фота Наталлі Пятровай

Падзяліцца: