Верасень у БрДУ – месяц спорту і здароўя!

Здароўе – найважнейшы спадарожнік чалавека. Калі мы здаровыя, то можам з лёгкасцю дасягнуць любых вышынь, пераадолець любыя перашкоды. У гэтым упэўнены студэнты і кіраўніцтва БрДУ імя А.С. Пушкіна. Захаванню здароўя студэнтаў у ВНУ надаецца асаблівая ўвага. Прыклад таму – шматлікія спартыўна-масавыя мерапрыемствы, акцыі, забегі і многае іншае. А нядаўна ў нашым універсітэце завяршыўся спартыўны калейдаскоп «Верасень спорту і здароўя».

Асноўная мэта гэтага маштабнага спартыўнага свята – садзейнічанне развіццю масавага фізкультурна-спартыўнага руху, які, у сваю чаргу, фарміруе здаровы лад жыцця студэнтаў, а таксама пачуцця грамадзянскасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці маладога пакалення.

У калейдаскопе прынялі ўдзел студэнты ўсіх дзесяці факультэтаў нашай ВНУ. Своеасаблівым адкрыццём спартыўнага верасня стаў удзел зборнай універсітэта ў складзе выкладчыкаў і студэнтаў факультэта фізічнага выхавання ў «Мінскім паўмарафоне – 2019». Забег прайшоў у сталіцы 15 верасня. Усяго на старт выйшлі 40 тысяч удзельнікаў з 68 краін свету. Адзначым, што і нашы студэнты, і выкладчыкі факультэта фізічнага выхавання паказалі сябе на ім вельмі годна.

Вялікую цікавасць выклікаў Дзень адчыненых дзвярэй, які правёў турыстычны клуб «Бярэсце». Усе жадаючыя маглі далучыцца да дружнай каманды клуба, каб у будучым пайсці ў вельмі цікавыя паходы, праспяваць песні ля вогнішча і зарадзіцца сапраўдным турыстычным адрэналінам. На ўра прайшло мерапрыемства пад назвай «Гульні нашага двара», арганізаванае ў Парку культуры і адпачынку. Яно, у першую чаргу, было накіравана на знаёмства і згуртаванне студэнтаў, якія ігралі ў рухомыя спартыўныя гульні, знаёмыя яшчэ іх бацькам, бабулям і дзядулям. Яшчэ адным матыватарам згуртавання студэнтаў сталі камандаўтваральныя гульні – практыкаванні і заданні на згуртаванне калектыву. Не абышлося падчас «Верасня спорту і здароўя» і без майстар-класаў. Іх прайшло больш за трыццаць. Спікерамі на іх выступілі трэнеры і выкладчыкі кафедры фізічнай культуры, якія знаёмілі студэнтаў з рознымі відамі спорту як у тэорыі, так і на практыцы.

Ніводнае спартыўна-масавае свята БрДУ не абыходзіцца без спаборніцкага моманту. У рамках «Верасня здароўя і спорту» адбылося Першынства ўніверсітэта па спартыўным арыентаванні сярод студэнтаў I курса.

Як жа падчас спартыўнага свята без новых рэкордаў? Яны, вядома ж, ёсць! Акцыя па плаванні «Мой рэкорд» паказала, што многія работнікі нашага ўніверсітэта ў выдатнай спартыўнай форме і могуць паказаць рэкорды.

Ну а калі раптам хто-небудзь з удзельнікаў свята не ўстанавіў рэкорд у якім-небудзь спорце – не варта засмучацца, бо самае важнае – жаданне займацца спортам і праца над сабой. А ўстанавіць рэкорды хутка можна будзе падчас іншых спартыўных акцый і забегаў. Як абяцаюць на факультэце фізічнага выхавання, іх у гэтым навучальным годзе будзе нямала. Далучайцеся!

Уладзіслаў Шпарло
«Журналістыка (друкаваныя СМІ)», 4 курс

Падзяліцца: