Яднальная сіла фестывалю: у БрДУ завяршыўся фестываль замежных студэнтаў

У першы дзень вясны гала-канцэртам завяршыўся фестываль замежных студэнтаў “У вучобе, творчасці і сяброўстве мы адзіныя”. Традыцыйна лейтматывам свята сталі словы “Мы адзінае цэлае”.

На ўрачыстым закрыцці фестывалю з прывітаннем выступіла рэктар універсітэта Ганна Сендзер. Ганна Мікалаеўна пажадала студэнтам захаваць і пранесці праз гады сяброўства, што нарадзілася паміж беларускімі і замежнымі студэнтамі. З рук Ганны Мікалаеўны самыя актыўныя замежныя студэнты атрымалі граматы і падзякі рэктара.

На гала-канцэрце пераможцаў розных інтэлектуальных конкурсаў, брэйн-рынгаў, алімпіяд, што склалі палітру фестывалю, узнагародзіла загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Вольга Пераход. Таксама былі названы замежныя студэнты, бацькам якіх накіраваны падзячныя пісьмы за выхаванне дзяцей, фарміраванне ў іх пачуцця адказнасці і павагі да старэйшых.

  

Урачыстае закрыццё фестывалю было адзначана яркімі творчымі нумарамі. Гледачоў радавалі сумесныя вакальныя выступленні, харэаграфічныя і музычныя кампазіцыі беларускіх і замежных студэнтаў. Прыгожым завяршэннем фестывалю стала выкананне песні “Мы раскрываем крылы” як сімвала новых здзяйсненняў і шчаслівай жыццёвай дарогі дружнага студэнцтва БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Падзяліцца: