V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Актуальныя праблемы тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і спартыўнай трэніроўкі”

28-29 красавіка 2022 года кафедра спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання правяла традыцыйную Рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю “Актуальныя праблемы тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і спартыўнай трэніроўкі”.

У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама прадстаўнікі некаторых іншых устаноў і арганізацый. Сярод гасцей – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, Паволжскі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, спорту і турызму (г. Казань), Нацыянальная акадэмія тэнісу, вучні і педагогі сярэдніх школ № 14 і № 16 г. Пінска. Усяго было зарэгістравана 35 чалавек.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер.

У рамках пленарнага пасяджэння былі заслуханы 4 разнапланавыя даклады, а іменна: Еўдалюк С.В., галоўны ўрач УАЗ “Брэсцкі абласны дыспансар спартыўнай медыцыны” – “Прагназаванне парушэнняў мінеральнай шчыльнасці коснай тканкі ў спартсменаў хуткасна-сілавых відаў спорту ў юніёрскім і моладзевым узросце і рэкамендацыі па іх карэкцыі”, Люкевіч У.П., дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт – “Кіберспорт. Па той бок рэальнага спартыўнага быцця”, Міхута І.Ю, дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя імя А.С. Пушкіна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт – “Сучасныя падыходы да кантролю і карэкцыі ўзроўню тэхнічнай падрыхтаванасці весляроў высокай кваліфікацыі на байдарках і каноэ”, Шкір’янаў Д.Э., прарэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кандыдат педагагічных навук, дацэнт – «Вынікі выступлення юнакоў Віцебскай вобласці на Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”».

У працэсе працы канферэнцыі на працягу двух дзён было заслухана і абмеркавана 36 дакладаў. Асобныя даклады іншагародніх удзельнікаў былі пададзены праз платформу Zoom. Абмеркаванне дакладаў (як пленарных, так і секцыйных) прайшло даволі прадуктыўна, а ў асобных выпадках выклікала ажыўленую дыскусію.

У рамках канферэнцыі прайшла выстава навуковых прац выкладчыкаў і студэнтаў факультэта фізічнага выхавання і турызму “Навука, практыка, перспектывы фізічнай культуры і спорту”.

Аргкамітэт канферэнцыі выказвае вялікую падзяку ўсім удзельнікам і спадзяецца на далейшае прадуктыўнае супрацоўніцтва.

Кафедра спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: