Уладзіслаў Макарэвіч – студэнт года – 2019

Прайсці сем выпрабаванняў, каб стаць Студэнтам года! У ХХ універсітэцкім конкурсе «Павер у сябе» на званне «Студэнт года», які адбыўся 19 снежня, прынялі ўдзел дзесяць лепшых студэнтаў – прадстаўнікі ўсіх факультэтаў.

Адкрыла мерапрыемства рэктар Ганна Сендзер. Яна адзначыла, што за гады свайго існавання конкурс даказаў сваю значнасць: ён палюбіўся навучэнцамі сваёй змястоўнай насычанасцю, яркасцю і непрадказальнасцю выніку. Для ўдзельнікаў конкурс дае рэальны старт да заваявання новых вяршынь. Ганна Мікалаеўна пажадала ўсім прэтэндэнтам на высокае званне веры ў свае сілы, імкнення да перамогі і поспехаў.

Затым пачаліся вочныя выпрабаванні. Як вядома, сустракаюць па вопратцы, а праводзяць па розуме, а таму ўжо на першым этапе «Дазвольце прадставіцца» студэнты смела прэзентавалі сябе як актыўную, рознабакова развітую асобу, якая мае пэўныя поспехі і дасягненні, а таксама знаёмілі са сваімі жыццёвымі прынцыпамі і поглядамі.

Потым удзельнікі даведаліся аб выніках выноснага этапу ідэя-праектаў на тэму «Універсітэт – аднагодак Перамогі». 2020 год будзе знакавай падзеяй і для Беларусі, і для БрДУ імя А. С. Пушкіна: 75-годдзе Вялікай Перамогі і столькі ж гадоў са дня заснавання нашай установы адукацыі.

Яшчэ адным выносным этапам стаў конкурс сацыяльных відэаролікаў «Здабыткі маёй Беларусі», які быў закліканы адлюстраваць дасягненні, традыцыі, спадчыну краіны – усё, чым ганарыцца кожны грамадзянін нашай рэспублікі.

Выпрабаванне «Мы з песняй па жыцці крочым» – гэта прадстаўленне на суд журы вакальнага нумара-мініяцюры на матыў абранай песні, дзе павінны былі быць раскрыты перавагі, перспектывы і прывабнасць факультэта (спецыяльнасці), на якім навучаюцца канкурсанты. Разыначка гэтага этапу – абавязковы ўдзел прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу.

Вядома, стаць студэнтам года можа, у першую чаргу, эрудыраваны чалавек, здольны здзяйсняць шмат лагічных аперацый, адэкватна ацэньваць розныя сітуацыі, выкарыстоўваючы жыццёвы вопыт і назапашаныя веды. Наколькі валодаюць вышэйазначанымі здольнасцямі канкурсанты, паказаў этап рыторыкі хуткага рэагавання «Падумай і растлумач», а таксама выносны інтэлектуальны конкурс «Studiosus sapiens».

Апошні этап «У рытме танца» стаў упрыгожаннем усёй праграмы: удзельнікі конкурсу пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры фізічнай культуры Ганны Уладзіміраўны Шындзінай падрыхтавалі цудоўную беларускую польку.

Пакуль журы падводзіла вынікі, правесці хвіліны чакання гледачам дапамаглі канцэртныя нумары ў выкананні навучэнцаў універсітэта.

Агучваючы вынікі, прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова адзначыла: «Конкурс «Павер у сябе» ў чарговы раз даказаў, што нашы студэнты самыя разумныя, таленавітыя і крэатыўныя». Яна падзякавала ўдзельнікам і іх групам падтрымкі за стварэнне святочнага настрою. Першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Юрый Сегянюк сказаў, што ўсе ўдзельнікі выступілі на годным узроўні. Запрошаны госць, карэспандэнт ТК «Буг-ТВ» Анастасія Ноздрын-Платніцкая (студэнт года – 2015) падкрэсліла, што толькі настойлівасць, старанне і імкненне дапамогуць удзельнікам конкурсу дасягаць поспехаў у жыцці.

Студэнтам года стаў навучэнец гістарычнага факультэта Уладзіслаў Макарэвіч. Астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі намінацыі.

«Лепшы сацыяльны відэаролік» – Арцём Тамашук (факультэт фізічнага выхавання).

«Адкрыццё года» – Андрэй Палюховіч (геаграфічны факультэт).

«Цэласнасць вобразу» – Вераніка Дрозд (фізіка-матэматычны факультэт).

«Прыемнае знаёмства» – Яніна Вецік (філалагічны факультэт).

«Фантастычная абаяльнасць» – Лізавета Нацяжэнка (псіхолага-педагагічны факультэт).

«Годны пераемнік» – Арцём Тамашук (факультэт фізічнага выхавання).

«Праект года» – Ганна Пракапенка (сацыяльна-педагагічны факультэт).

«Эрудыт і інтэлектуал» – Дзяніс Місюля (біялагічны факультэт).

«Шматгранная асоба» – Ганна Крывецкая (факультэт замежных моў).

«Трапнасць і глыбіня меркаванняў» – Ксенія Шахалевіч (юрыдычны факультэт).

Прызы усім канкурсантам у гэтым годзе падрыхтавалі рэктарат універсітэта, прафсаюзны камітэт студэнтаў, камітэт БРСМ. Таксама студэнты атрымалі падарункі ад спонсараў: студыі ЭМС-фітнесу 7 steps, сеткі кавярняў Paragraph, таксі «Сіці», караоке-клуб «Жэмчуг», Піца Італьяна.

Віншуем з высокімі вынікамі і жадаем новых поспехаў!

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: