У рытме нацыянальных культур

Студэнты нашага ўніверсітэта Арслан Таймазаў (факультэт фізічнага выхавання і турызму) і Сулейман Хумедаў (філалагічны факультэт) прынялі ўдзел у ХІІІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які праходзіў у Гродна 3–5 чэрвеня.

У першыя выхадныя дні лета абласны цэнтр стаў адной вялікай творчай пляцоўкай. Музычную, танцавальную, кулінарную, мастацкую творчасць дэманстравалі прадстаўнікі 30 нацыянальнасцяў. Арслан і Сулейман прадстаўлялі нацыянальную туркменскую культуру. Маладыя людзі прынялі ўдзел у святочным шэсці і на адной са шматлікіх пляцовак выканалі песні сольна і дуэтам. Сулейман таксама сыграў на дутары. На думку нашых студэнтаў, фестываль нацыянальных культур – гэта магчымасць апынуцца ў полікультурным асяродку і пазнаёміцца з культурай многіх краін свету.

Удзельнікам на памяць уручаны дыпломы і значкі ХІІІ фестывалю нацыянальных культур. Пасля чатырохгадовага перапынку гэтае мерапрыемства прайшло з размахам і навацыямі. Але нязменным засталося адно – яно ў чарговы раз даказала, што для сяброўства, зносін і мастацтва межаў не існуе.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

 

Падзяліцца: