У БрДУ выбралі студэнта года

Напярэдадні Новага года ў БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў ХХІІ універсітэцкі конкурс “Павер у сябе!” на званне “Студэнт года – 2021”. У самым прэстыжным для студэнтаў турніры памераліся сіламі дзевяць прадстаўнікоў усіх факультэтаў.

У прывітальным слове рэктар Ганна Мікалаеўна Сендзер пажадала студэнтам поспехаў у шматлікіх конкурсах і алімпіядах, якія праводзяцца ў БрДУ, і падзякавала ўсім за адзінства духу, якое пануе ва ўніверсітэце ў асяродку моладзі і выкладчыкаў.

Лепшыя прадстаўнікі студэнцтва выяўлялі свае здольнасці ў шасці выпрабаваннях. На этапе самапрэзентацыі “Сто дарог, мая адна” студэнты пазнаёмілі журы і гледачоў са сваімі жыццёвымі прынцыпамі, поглядамі і перакананнямі. У конкурсе рыторыкі хуткага рэагавання “Гэтаму ёсць тлумачэнне” маладыя людзі прадэманстравалі свае камунікатыўныя здольнасці і ўменне імправізаваць. У спаборніцтве “агітбрыгад” “Працай і творчасцю праславім БрДУ” студэнты расказалі пра сваё бачанне перспектываў факультэтаў і спецыяльнасцей, на якіх вучацца.

Акрамя таго, прэтэндэнты на званне лепшага студэнта прайшлі тры вынасныя выпрабаванні: падрыхтавалі сацыяльныя ідэя-праекты па тэме “Моладзевая формула квітнеючай Беларусі”, прадэманстравалі сваю эрудыцыю на этапе “Studiosus sapiens” – “Студэнт разумны” і відэаролікі “У кадры – студэнт БрДУ”.

Студэнтам года па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў стала студэнтка філалагічнага факультэта Ганна Андрасюк. Астатнія ўдзельнікі перамаглі ў розных намінацыях:

Эрудыт і інтэлектуал года” – Сяргей Лешык (факультэт прыродазнаўства);

Шматгранная асоба” – Аляксандра Ігнацюк (гістарычны факультэт);

Відэаталент БрДУ” – Дар’я Жаркова (фізіка-матэматычны факультэт);

За ўменне пераконваць” – Андрэй Дзмітрук (псіхолага-педагагічны факультэт);

Самы перспектыўны праект” – Яўгенія Шчэрба (сацыяльна-педагагічны факультэт);

Адкрыццё года” – Мікалай Кананчук (юрыдычны факультэт);

За волю да перамогі” – Дар’я Бурачук (факультэт замежных моў);

Гарманічная асоба” – Кірыл Кашалюк (факультэт фізічнага выхавання і турызму).

Падзяліцца: