Тыдзень пазітыву – 2021

З 6 па 11 верасня ў нашым універсітэце праходзілі мерапрыемствы ў рамках Тыдня пазітыву.

Стартаваў Тыдзень з інфармацыйнай акцыі “З праблемай – да нас!”, дзе студэнты-валанцёры распаўсюджвалі інфармацыйныя буклеты пра дзейнасць спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўніверсітэта, праводзілі колеравую экспрэс-дыягностыку настрою.

Для намеснікаў дэканаў па выхаваўчай працы, куратараў вучэбных груп, педагагічных работнікаў інтэрната быў арганізаваны семінар-практыкум з удзелам псіхолага першай катэгорыі, галоўнага пазаштатнага спецыяліста ГУАЗ Тарасава Валянціна Валер’евіча “Паводзіны, якімі можна нашкодзіць сабе”, на якім разглядаліся пытанні аказання псіхолага-педагагічнай падтрымкі студэнтаў з прыметамі такіх паводзін.

Для іншагароднiх студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах студэнцкага гарадка, прайшла цэлая серыя інтэрактыўных мерапрыемстваў. Напрыклад, у  інтэрнаце № 2 – акцыя “Калекцыя цёплых слоў”, а ў інтэрнаце № 4 – акцыя “На што патраціць жыццё?”, а яшчэ афармленне стэндавай кампазіцыі ў фае інтэрната № 3 “Усміхніся жыццю!”, квэст у інтэрнаце № 1 “Дом, у якім мы жывём” і інш.

Актыўны ўдзел у рэалізацыі Тыдня пазітыву прынялі і выкладчыкі ўсіх факультэтаў. Для студэнтаў былі арганізаваны і праведзены наступныя мерапрыемствы: “Знаёмства з універсітэтам” – квэст, “Жыццё – гэта шчасце. Ствары яго сам” – дыскусія, “Пра рацыянальнае выкарыстанне вольнага часу” – куратарская гадзіна, “Восень – не прычына для суму” – інтэрактыўнае кафэ, “Антыкрызіснае кіраванне: як спраўляцца са стрэсам і негатыўнымі эмоцыямі” – семінар-трэнінг і інш.

На працягу тыдня ўсе, хто пажадаў, таксама змаглі прайсці online-дыягностыку, якая была размешчана на сайтах у афіцыйных групах і суполках універсітэта.

Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба

Падзяліцца: