Студэнты БрДУ на абласным навагоднім балі

Абласны навагодні баль прайшоў 22 снежня ў палацы Пуслоўскіх у Косава. У ліку 48 юнакоў і дзяўчат былі і студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна Іліяна Дочава (сацыяльна-педагагічны факультэт), Маргарыта Алешка (псіхолага-педагагічны факультэт), Іван Дзяркач (гістарычны факультэт) і Ягор Дарашкевіч (фізіка-матэматычны факультэт) на чале з рэктарам універсітэта Ганнай Сендзер.

З прывітальным словам да студэнцкай і вучнёўскай моладзі звярнуўся намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк. Ён падкрэсліў, што кожны з тых, хто сабраўся ў палацы, сваімі поспехамі і дасягненнямі ў вучэбнай, навукова-даследчай, творчай і спартыўнай сферах заслужыў права стаць удзельнікам балю.

У белай зале Косаўскага замка маладыя людзі танцавалі паланэз, вальс, лансье, польку, паўночную кадрылю і іншыя класічныя харэаграфічныя кампазіцыі. Нашы студэнты з задавальненнем дэманстравалі майстэрства танца, бо доўга і старанна рыхтаваліся да гэтай важнай у іх жыцці падзеі. Яны адзначаюць, што было няпроста вывучыць усе танцы бальнай карты, але старанне не аказалася марным. Юнакі і дзяўчаты назаўжды захаваюць у сваёй памяці яркія ўражанні аб прыгожым пераднавагоднім прадстаўленнi.

Прыемным завяршэннем урачыстасці сталі падарункі ад Брэсцкага аблвыканкама.

Юлія Воўк

Падзяліцца: