Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь!

3–4 мая каманда БрДУ імя А.С. Пушкіна прыняла ўдзел у Грамадзянска-патрыятычным марафоне «Разам – за моцную і квітнеючую Беларусь!» на базе ГрДУ імя Янкі Купалы.

У марафоне ўдзельнічалі 13 каманд з універсітэтаў, каледжаў і школ з усёй Беларусі. Упершыню ён прайшоў напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – тады яго ўдзельнікамі сталі толькі студэнты Гродзенскага ўніверсітэта. У 2018 г. марафон пашырыў межы і стаў рэспубліканскім. У гэтым годзе БрДУ прадстаўляў гістарычны факультэт.

У межах марафону каманды спаборнічалі ў конкурсах творчага, інтэлектуальнага і ваенна-спартыўнага характару: «Моладзь. Ініцыятыва. Будучыня», «Знаўцы роднай зямлі», «Разам – у абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцей», «Здаровы я – здаровая краіна». Найбольш ярка нашы студэнты праявілі сябе ў прэзентацыі альма-матар, а таксама ў спаборніцтвах «Да абароны Айчыны гатовы», конкурсах па вырабе дэкаратыўных вырабаў з дрэва і выпечцы хлеба «Гаспадар і гаспадыня», вольным творчым конкурсе «Мая малая радзіма». Навучэнцы БрДУ паказалі выдатныя веды па гісторыі ў конкурсе «Мая радзіма: гісторыя і культура Беларусі», у якім занялі І месца.

Па выніках спаборніцтваў каманда БрДУ імя А.С. Пушкіна заваявала кубак у намінацыі «Знаўцы роднай зямлі» і заняла агульнакаманднае IV месца.

Грамадзянска-патрыятычны марафон падарыў нашым студэнтам шмат станоўчых эмоцый, новых сяброў з усёй рэспублікі і ўмацаваў іх камандны дух.

Гістарычны факультэт

Падзяліцца: