Першы абласны фестываль педагагічных класаў

Фінал абласнога фестывалю педагагічных класаў адбыўся 21 мая на базе БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Першы фестываль арганізаваны з мэтай павышэння матывацыі вучняў школ да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, развіцця супрацоўніцтва ў трыядзе ”школа – Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі – БрДУ імя А.С. Пушкіна”.

  

Прадстаўнікоў 29 каманд – навучэнцаў школ, ліцэяў і гімназій г. Брэста і ўсіх раёнаў вобласці – віталі рэктар універсітэта Ганна Сендзер, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук і рэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Анатоль Машчук.

Педагагічнае свята пачалося з кірмашу спецыяльнасцей вядучай установы вышэйшай адукацыі Брэсцкай вобласці. Далей 6 лепшых каманд (па выніках адборачнага тура) спаборнічалі ў трох конкурсных выпрабаваннях: вырашэнне праблемнай педагагічнай сітуацыі, выступленне на тэму “Сучасны настаўнік: прафесія ці прызванне?” і тэсціраванне з мэтай праверкі ведаў у галіне педагогікі і псіхалогіі па праграме факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

  

Пераможцам першага абласнога фестывалю педагагічных класаў стала каманда “Мара” ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Ляхавічы”.

ІІ месца падзялілі каманды “Настаўніцкая” ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” і каманда “Дэбют” ДУА “Імянінская сярэдняя школа”.

ІІІ месца занялі каманды “Іскра” ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В.І. Хована”; “2х2” ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Брэста” і “Сухамлінскі-стайл” ДУА “Малоткавіцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна.

Пасля падвядзення вынікаў студэнты-валанцёры ўніверсітэта правялі для ўдзельнікаў спаборніцтваў экскурсію па садзе бесперапыннага цвіцення БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Падзяліцца: