Педагогіка – справа сямейная

24 мая 2021 года на базе ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В.І. Хована” адбылася прэзентацыя-справаздача творчай групы “Першыя адкрыцці ў свеце прафесій: усё пачынаецца з настаўніка”. У мерапрыемстве, мэта якога – павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, прапаганда сямейных і духоўных каштоўнасцей у адукацыі, удзельнічалі настаўнікі пачатковых класаў і вучні школы, выкладчыкі і студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта.

Намеснік дырэктара школы па вучэбнай працы В.К. Краско адзначыла, што праца настаўніка адказная, творчая, цікавая. Яна патрабуе ад чалавека не толькі добрых ведаў, але і духоўных сіл, вытрымкі і нават мужнасці. Настаўнікам можа працаваць толькі чалавек, які мае прызванне і асаблівы дар выхоўваць, вучыць і любіць дзяцей.

Кіраўнік творчай групы, настаўніца пачатковых класаў Д.М. Трызна прэзентавала праведзеныя на працягу навучальнага года ў 3–4 класах мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне ў вучняў цікавасці да педагагічнай прафесіі, выхаванне паважлівых адносін да настаўніка і развіццё ў малодшых школьнікаў творчасці, ініцыятывы, фантазіі.

Педагог-арганізатар школы А.С. Палячук выступіла з паведамленнем “Стылі педагагічных узаемаадносін” і прапанавала ўдзельнікам выканаць тэст “Стылі педагагічных зносін”.

Студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта, вучні Юрасаў Міхаіл (1 “А” клас), Швораб Кірыл (2 “А” клас), Ківачук Рыгор (4 “А” клас), Валадзько Максім (4 “А” клас) расказалі пра тых прадстаўнікоў свайго роду, хто выбраў прафесію настаўніка і любіць яе за тайны, якія яна ў сябе нясе, за мудрасць, якой яна крок за крокам надзяляе чалавека, за тое, што прымушае рухацца наперад.

Г.М. Канцавая, кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання БрДУ імя А.С. Пушкіна, правяла з удзельнікамі прэзентацыі-справаздачы віктарыну “Дынастыя – сувязь пакаленняў: мудрасць, талент, майстэрства…”, якая аказалася пазнавальнай і захапляльнай як для вучняў, так і для студэнтаў.

Прэзентацыя-справаздача атрымалася надзвычай прадуктыўнай. Яе ўдзельнікі адзначылі змястоўнасць мерапрыемства, добразычлівыя і гасцінныя абставіны, у якіх яна праходзіла.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: