Памятаем урокі гісторыі

Мы павінны памятаць урокі гісторыі. Падручнікі знаёмяць нас з фактамі, але важна не проста ведаць, а разумець і прапускаць праз сябе падзеі мінулых гадоў. Дакрануцца да мінулага дапамагае творчасць. Так, 26 красавіка ў БрДУ імя А.С. Пушкіна адбыўся рэгіянальны фестываль “Нам гэты свет запавядалі берагчы”, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Фестываль арганізаваў клуб “Дыялог культур” пад кіраўніцтвам кандыдата педагагічных навук дацэнта Зінаіды Ляўчук.

Старт мерапрыемству дала Зінаіда Сцяпанаўна. Яна адзначыла, што важна захоўваць памяць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў у час Вялікай Айчыннай вайны і перадаваць яе наступным пакаленням, каб не парывалася сувязь часоў. Зінаіда Ляўчук пазнаёміла прысутных з відэапраектам “Універсітэт – равеснік Вялікай Перамогі”. Пра сваю малую радзіму расказалі беларускі і кітайскі студэнты Павел Зялевіч і Цао Ян.

У рамках фестывалю прафесійным вопытам падзялілася дырэктар ліцэя з г. Жабінкі Ганна Кулагіна, якая разам са сваімі вучнямі прадставіла праект “Педагог – гучыць горда. І гэта класна. Pedagog.klass”.

У другой частцы мерапрыемства “Мір – гэта песні і праца, што крочаць разам” студэнты і выпускнікі ўніверсітэта выканалі песні, танцы, прадэкламавалі вершы і паказалі спартыўны эцюд. Сваю творчасць гледачам падарылі таксама госці з Жабінкі і гімназіі № 6 г. Брэста.

У канцы фестывалю кіраўнік клуба “Дыялог культур” Зінаіда Ляўчук падзякавала ўсім за праведзеную працу і ўдзел у мерапрыемстве.

Памяць пра гераічнае мінулае беларускага народа жыве ў сэрцах маладых, а подзвіг дзядоў і прадзедаў адгукаецца ў іх душах болем і разуменнем каштоўнасці міру і незалежнасці.

Падзяліцца: