Моладзевы форум “Селяхі-2021”

З 21 па 23 мая 2021 года на возеры Селяхі адбыўся моладзевы форум у фармаце турыстычнага злёту БРСМ. У форуме прынялі ўдзел каманды школ, гімназій, ліцэяў, сярэдніх спецыяльных, прафесійна-тэхнічных і вышэйшых навучальных устаноў горада Брэста. У барацьбе за перамогу ўдзельнічала і каманда нашага ўніверсітэта (з ліку студэнтаў геаграфічнага факультэта).

Загартаваныя, гатовыя да любых выпрабаванняў геафакаўцы адправіліся ў дарогу. Раніцай 21 мая каманда дабралася да месца дыслакацыі і ўзялася за ўпарадкаванне свайго лагера. Пасля ўрачыстага адкрыцця форуму адбыўся адкрыты дыялог удзельнікаў турыстычнага злёту і лідараў ГА “БРСМ” г. Брэста. У гэты ж вечар для ўсіх удзельнікаў была арганізавана дыскатэка.

Першым выпрабаваннем стала турыстычная эстафета. Дзякуючы згуртаванасці каманды і яе фізічнай падрыхтоўцы, усе этапы былі пройдзены з добрым вынікам.

Далей нашых турыстаў чакала гульня ў валейбол. Пасля – спаборніцтвы па дартсе і тэхніцы веласіпеднага турызму. У гэтых спаборніцтвах прымалі ўдзел па два ўдзельнікі ад каманды. Трапныя стралкі геафака занялі I месца ў дартсе і III месца ў пераадоленні веласіпеднай дыстанцыі.

У спартыўным конкурсе ўсе удзельнікі змаглі прадэманстраваць не толькі сваю фізічную падрыхтаванасць, але таксама кулінарныя і творчыя здольнасці. У конкурсе “Лепшая страва” наша каманда падрыхтавала класічную сытную грэцкую кашу з тушонкай. Любімая грэчка з невялікім крэатывам ад нашых дзяўчат прынесла камандзе ўніверсітэта II месца.

У конкурсе “Ля вячэрняга кастра” географы выканалі “самую турыстычную” для іх песню, без якой НІКУДЫ і НІДЗЕ, – “Гімн геафака”. Душэўнае выкананне і арыгінальнае музычнае суправаджэнне не пакінулі суддзяў абыякавымі. Як вынік – I месца.

Таксама суддзі звярнулі ўвагу на крэатыўнае ўпарадкаванне быту лагера, захаванне экалагічных і санітарных нормаў і, вядома, гасціннасць каманды. І зноў – I месца.

Вечарам усіх чакала запальная дыскатэка, а ў нядзелю – яшчэ шэраг конкурсных выпрабаванняў.

З самай раніцы мужчынская палова каманды прыняла ўдзел у перацягванні каната і заняла I месца. Спартыўнае арыентаванне ў гэтым годзе праходзіла ў “сляпым” фармаце. Рэкордна кароткі час прынёс нашай камандзе чарговае I месца.

За той час, пакуль прыбіралі тэрыторыю лагера і збіралі рэчы, былі падведзены вынікі трохдзённага форуму.

На ўрачыстым закрыцці судзейская калегія паведаміла: каманда “Глобус” геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна заняла заслужанае месца сярод каманд устаноў вышэйшай адукацыі. Яе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі і кубкамі.

Віншуем!

Падзяліцца: