І зноў радуецца пераможны май

9 мая ўся краіна пачула голас Юрыя Левітана: «8 мая 1945 года ў Берліне прадстаўнікамі германскага вярхоўнага камандавання падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл... Германія цалкам разгромлена... Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы». І вось ужо 74 гады ў нашай краіне ў гэты дзень праводзяцца святочныя мерапрыемствы. У Брэсце самае маштабнае – шматтысячнае шэсце ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». Тон яму задае аркестр.

Студэнты і работнікі нашага ўніверсітэта штогод далучаюцца да калоны. Кіраўніцтва БрДУ, дэканы, выкладчыкі, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў, валанцёры, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і лідары студэнцкага самакіравання аддаюць даніну памяці тым, хто каваў Вялікую Перамогу.

Традыцыйна ў авангардзе калоны – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На іх вачах – заўсёды слёзы, што адначасова сімвалізуюць горыч страт і радасць Перамогі.

У Брэсцкай крэпасці калону сустракала рота ганаровай варты. Затым з вынасу Сцяга Перамогі пачаўся мітынг, адбылося ўскладанне кветак да Вечнага агню, мітынгоўцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто змагаўся за мір, вясну, жыццё.

Слаўнай даце быў прысвечаны і шэраг мерапрыемстваў у нашым універсітэце. Самыя важныя і кранальныя, вядома, сустрэчы з ветэранамі. Мы ведаем вайну толькі па чорна-белай фотахроніцы кінафільмаў і па песнях, якія ўздымалі баявы дух салдат, а ветэраны на сабе адчулі ўвесь жах суровых 1941–1945 гг.

Ветэраны, абараніўшы зямлю ў жорсткай сутычцы з ворагам, падарылі нам мірнае неба. У майскія дні яно заўсёды рознае: то хмурнае, то сонечнае, – словам, як само жыццё. І ў гэты час года, узіраючыся ў бязвоблачную вышыню, мы ўспамінаем шчаслівыя падзеі, будуем планы і марым. Марым, не як гэта часта бывае, аб кар’ерным росце або матэрыяльным дабрабыце, а аб міры на беларускай зямлі. А яшчэ, скіроўваючы погляд у нябёсы, дзякуем дзядам і прадзедам за тое, што яны ўласнай кроўю паказалі каштоўнасць міру. Маладое пакаленне схіляецца перад гераізмам ветэранаў, славіць іх подзвіг і памятае тых, каму давялося сутыкнуцца з музыкай цішыні ў імя мірнага неба над роднай краінай. Подзвігу народа жыць у стагоддзях.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: