Дзень адчыненых дзвярэй у Інстытуце Канфуцыя

Дзень адчыненых дзвярэй у Інстытуце Канфуцыя БрДУ імя А.С. Пушкіна прайшоў 27 красавіка. У мерапрыемстве былі задзейнічаны выкладчыкі кітайскай мовы, студэнты і магістранты БрДУ і БрДТУ, работнікі прадпрыемстваў г. Брэста і вучні гарадскіх школ.

  

Удзельнікаў Дня адчыненых дзвярэй прывітала рэктар універсітэта Ганна Сендзер. Яна адзначыла, што цяпер, калі святкуецца 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, Дзень адчыненых дзвярэй у Інстытуце Канфуцыя спрыяе далейшаму развіццю міжкультурнага дыялогу паміж нашымі народамі. Інстытут Канфуцыя запатрабаваны ў горадзе, цяпер у ім навучаецца каля 200 слухачоў, якія паказваюць добрыя вынiкi ў авалоданні кітайскай мовай і паспяхова здаюць міжнародныя экзамены HSK і HSKК.

Праграма мерапрыемства складалася з некалькіх блокаў: інфармацыйна-пазнавальнага, творчых выступленняў і майстар-класаў. У першай частцы дырэктар Інстытута Канфуцыя Анжэла Саідзі расказала пра асаблівасці кітайскай мовы, перспектывы і формы яе вывучэння, а таксама пра вучэбную і культурную дзейнасці Інстытута і прапанавала паглядзець відэафільм, які заняў другое месца ў конкурсе відэаролікаў сярод Інстытутаў Канфуцыя ў свеце.

  

Самыя юныя слухачы курсаў, слухачы з ліку студэнтаў універсітэта, кітайскія магістранты дэкламавалі вершы, выконвалі музычныя кампазіцыі, ігралі на эрху, паказалі нумар “ушу” і прадэманстравалі дэфіле ў традыцыйнай кітайскай сукенцы цыпаа. Завяршэннем Дня адчыненых дзвярэй сталі майстар-класы па кітайскай цырымоніі чаявання, завязваннi кітайскіх вузлоў шчасця, каліграфіі і кітайскiм выразаннi.

Падзяліцца: