Адзіная гісторыя

13–18 чэрвеня 2021 года ў рамках рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага праекта “Адзіная гісторыя” з Цэнтрам моладзевых міжнародных праектаў Разанскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя С.А. Ясеніна (Расія) прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Яшчэ ў пачатку 2021 года Разанскі дзяржаўны ўніверсітэт імя С.А. Ясеніна выступіў з ініцыятывай аб супрацоўніцтве з нашым універсітэтам для рэалізацыі грамадзянска-патрыятычнага праекта “Адзіная гісторыя”. Наш універсітэт быў выбраны ў якасці партнёра нездарма. Брэст і Разань з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі. Менавіта таму мы адкрыты для развіцця акадэмічнага супрацоўніцтва з Разанскім дзяржаўным універсітэтам.

Моладзевы расійска-беларускі праект “Адзіная гісторыя” накіраваны на захаванне агульнай гісторыі і агульнай культуры дзвюх дзяржаў, а таксама наладжвання моладзевых кантактаў. У працэсе рэалізацыі праекта спачатку прайшоў моладзевы тэлемост па пытаннях супрацоўніцтва паміж студэнтамі дзвюх краін і была праведзена інтэлектуальная гульня “Пазнаём Брэст” (сакавік 2021 г.).

13–18 чэрвеня 2021 года наш гасцінны ўніверсітэт расчыніў дзверы для прадстаўнікоў моладзі Разані. У рамках рэалізацыі праекта i мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года народнага адзінства і 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, быў арганізаваны круглы стол “Па старонках памяці” і праведзены пазнавальныя экскурсіі па ўніверсітэце, горадзе і Брэсцкай крэпасці. Прайшлі сустрэчы са студэнтамі БрДУ імя А.С. Пушкіна, што паспрыяла наладжванню яшчэ больш цесных кантактаў студэнтаў-равеснікаў. Суправаджаў гасцей з Разані валанцёрскі атрад гістарычнага факультэта “Стары ліхтаршчык”.

Праект быў паспяхова рэалізаваны. Яго галоўная мэта – павысіць зацікаўленасць моладзі агульнай гістарычнай спадчынай Расіі і Беларусі – была дасягнута. Створаны ўсе ўмовы для будучых сумесных моладзевых праектаў Брэста і Разані.

Падзяліцца: