Адкрыты ўніверсітэцкі конкурс прамоўніцкага майстэрства «Майстар слова – 2019»

25 красавіка 2019 года адбыўся адкрыты ўніверсітэцкі конкурс прамоўніцкага майстэрства «Майстар слова». Арганізатарамі конкурсу выступілі кафедра агульнага і рускага мовазнаўства, аддзел выхаваўчай працы з моладдзю, прафсаюзны камітэт студэнтаў установы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна».

Шаснаццаты год запар конкурс збірае маладых прамоўцаў у сценах нашага ўніверсітэта. У конкурсе прынялі ўдзел студэнты васьмі факультэтаў нашага ўніверсітэта, студэнтка УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт», а таксама навучэнцы двух ліцэяў і трох гімназій горада Брэста.

Конкурс па традыцыі праходзіў у тры этапы. У першым туры ўдзельнікі выступілі з загадзя падрыхтаваным публічным выступленнем на тэму «Брэст гістарычны, гераічны, культурны...». Тэма для публічных выступленняў была абрана, вядома ж, не выпадкова, паколькі наш любімы горад сёлета адзначыць тысячагадовы юбілей. Увазе гледачоў канкурсанты прапанавалі 23 найцікавейшыя выступленні: Брэст паўстаў ва ўсёй сваёй разнастайнасці і прыгажосці. Першым на сцэну выйшаў Андрэй Палюховіч, які расказаў аб плошчы Леніна ад асобы... помніка Леніну! Так быў дадзены старт экскурсіі ў мінулае Брэста. З Марыяй Дудар мы прайшлі па вуліцах Брэст-Літоўска і зазірнулі нават у Берасцейскі замак, затым з Захарам Канецпольскім пабывалі на чыгуначным вакзале. Лізавета Крываносава прывяла нас на брэсцкі паштамт і навучыла, як можна расказаць аб родным горадзе з дапамогай моднага цяпер посткросінга. Наступным пунктам нашага падарожжа па Брэсце стала выступленне Лізаветы Лапыцька: дзяўчына адкрывала для сябе Брэст «ад станцыі да станцыі», пакуль не дабралася да пункта прызначэння «студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна».

Тэматычнае падарожжа па сучасным горадзе было займальным: гукі музыкі на вуліцах Брэста мы паслухалі з Аляксандрам Крыловым, у свет танца нас прывёў Серафім Бярнацкі, які нават выканаў танец у канцы свайго выступлення, а Брэст «жывапісны» адкрыла Вікторыя Кушпяцюк. У якасці гіда па памятных мясцінах горада выступіла Вікторыя Дзяйнека.

А хто ж жыве ў нашым славутым горадзе? Аб валанцёрах, якія праяўляюць клопат пра людзей і пра шматлікія аб’екты, быў аповед Паліны Лісоўскай.

Пра жыццё берасцейцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны расказалі Ганна Семашкевіч, Аляксей Бошаль і Віктар Буюкоў.

Брэст творчы, культурны – так бачаць яго Зарана Ярмалюк і Анастасія Ярмашэвіч.

Анастасія Соік параўнала з брэсцкім ліхтаршчыкам свайго настаўніка гісторыі, які запаліў у ёй любоў да гісторыі (дарэчы, Анастасія – студэнтка гістарычнага факультэта).

До слёз расчуліла казка Жанны Астроўскай, для якой Брэст казачнае, чароўнае месца! Для Любові Мошчык Брэст – надзейны сябар, а Аліна Добыш лічыць горад унікальным месцам, роўнага якому не знайсці нідзе!

Не былі забыты канкурсантамі і месцы, якія яны бачаць штодня: Надзея Кузьміч расказала пра таямніцы «Зімовага саду», а Лізавета Алесік правяла экскурсію па старым корпусе ўніверсітэта ў 1905 годзе, калі ў гэтым будынку знаходзілася мужчынская гімназія.

У фінале за званне лепшага прамоўцы змагаліся 14 чалавек. Іх чакалі яшчэ два туры.

У другім туры – конкурсе сітуацыйных выказванняў «Ці ведаеш ты Брэст?» – удзельнікі конкурсу ўгадвалі вядомыя будынкі і папулярныя месцы ў горадзе і расказвалі пра іх.

Трэці тур выклікаў шмат эмоцый не толькі ў выступоўцаў, але і ў гледачоў! У парных дэбатах пад назвай «Адзін на адзін: за і супраць» у рэжыме рыторыкі хуткага рэагавання канкурсанты абмяркоўвалі актуальныя для моладзі тэмы, якія маюць адносіны да жыцця сучаснага горада Брэста. Кожнаму апаненту трэба было прывесці не менш за тры аргументы ў абарону сваёй пазіцыі. Гарачыя спрэчкі ў карэктнай форме вяліся аб руху веласіпедыстаў па пешаходнай вуліцы Савецкай і аб адраджэнні Гарадскога саду. Абмяркоўвалі наведванне Брэста з пазіцыі турыста і нават закаханых!

Журы было нялёгка выбраць годных выступоўцаў: упершыню ў гісторыі конкурсу першае месца падзялілі два майстры слова!

Вось лепшыя прамоўцы – пераможцы конкурсу сярод студэнтаў:

  • І месца – Зарана Ярмалюк (II курс, філалагічны факультэт) і Лізавета Лапыцька (III курс, факультэт замежных моў).
  • II месца – Аляксей Бошаль (I курс, факультэт замежных моў) і Паліна Лісоўская (II курс, УА «Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт»).
  • III месца – Марыя Дудар (магістрант, геаграфічны факультэт), Ганна Семашкевіч (III курс, філалагічны факультэт) і Жанна Астроўская (II курс, філалагічны факультэт).

Прыз сімпатый гледачоў заваявала Зарана Ярмалюк (II курс, філалагічны факультэт).

Намінацыя «За адданасць роднаму слову» журы прысудзіла Аліне Добыш (III курс, філалагічны факультэт).

Намінацыю «За артыстызм і эмацыйнасць» заваявала Анастасія Соік (III курс, гістарычны факультэт), а намінацыю «Удалы дэбют» – Вікторыя Кушпяцюк (вучаніца 10-га «А» класа ДУА «Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М. Машэрава»).

Пераможцы сярод вучняў:

  • І месца – Віктар Буюкоў (вучань 11-га класа групы 21-ФМ ДУА «Ліцэй № 1 імя А.С. Пушкіна»);
  • II месца – Лізавета Крываносава (вучаніца 10-га «А» класа ДУА «Гімназія № 4 г. Брэста»);
  • III месца – Аляксандра Лукашук (вучаніца 11-га класа ДУА «Гімназія № 3 г. Брэста»).

Пераможцы конкурсу «Майстар слова» будуць прадстаўляць Брэстчыну на Міжнародным конкурсе прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній–2019», які пройдзе 23–24 мая на базе Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь (г. Мінск).

Грыцук Ларыса Мікалаеўна, старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца:

Барановичский государственный университет
Белорусская государственная академия искусств
Белорусская медицинская академия последипломного образования
Белорусский государственный медицинский университет
Белорусский государственный университет транспорта
Белорусский государственный экономический университет
Брестская областная библиотека имени М. Горького
Витебский государственный ордена Дружбы народов медицинский университет
Витебский государственный технологический университет
Витебский государственный университет имени П. М. Машерова
Гомельский государственный технический университет имени П. О. Сухого
Гродненский государственный университет имени Я.Купалы
Университет гражданской защиты МЧС Беларуси
Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова
Белорусский государственный университет пищевых и химических технологий
Мозырский государственный педагогический университет имени И. П. Шамякина
Академия Министерства внутренних дел Республики Беларусь
Белорусская ассоциация студенческого спорта