Адкрыццё Рускага цэнтра

3 снежня 2014 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця Рускага цэнтра пры фінансавай падтрымцы Фонду «Рускі свет». Арганізатарамі адкрыцця з'яўляюцца кафедра тэорыі і гісторыі рускай літаратуры і Фонд «Рускі свет». Цырымонія адкрыцця адбылася ў актавай зале вучэбнага корпуса № 2 БрДУ імя А.С. Пушкіна.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў цырымоніі звярнуліся С.А. Марзан, першы прарэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, М.А. Ціханчук, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, У.В. Кочын, Выканаўчы дырэктар Фонду «Рускі свет», М.М. Маткоўскі, Генеральны Консул Генеральнага Консульства РФ у г. Брэсце, А.М. Маслава, кіраўнік Брэсцкага аддзялення Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Т.В. Сянькевіч, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі рускай літаратуры.

Першы прарэктар С.А. Марзан звярнуў увагу на тое, што ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна навучаюцца больш за 500 замежных грамадзян з Туркменістана, Кітая, Казахстана, Азербайджана, Расіі, Украіны, ЗША, Кыргызстана, Літвы, Турцыі, Узбекістана і іншых краін. Рэалізуюцца дагаворы аб супрацоўніцтве з 54 замежнымі ўстановамі, навуковымі арганізацыямі, фондамі. Рускі цэнтр дазволіць кансалідаваць навукова-даследчыя і вучэбна-метадычныя намаганні выкладчыцкага складу і навучэнцаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і іншых устаноў адукацыі г. Брэста і Брэсцкай вобласці; каардынаваць навукова-даследчую дзейнасць у галіне гуманітарных навук з установамі адукацыі і грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі; спрыяць развіццю цікавасці да навуковай спадчыны і культурна-гістарычных традыцый, захаванню рускай і беларускай моў як нацыянальнай каштоўнасці нашых народаў.

У прывітальным слове выканаўчы дырэктар Фонду «Рускі свет» У.В. Кочын адзначыў той факт, што Рускі цэнтр, які адкрыўся ў Брэсцкім універсітэце, – першы і пакуль адзіны ў Беларусі. Да таго ж, гэта юбілейны, 100-ы цэнтр для Фонду. Рускія цэнтры ствараюць шырокі доступ да культурна-гістарычнай і літаратурнай спадчыны Рускага свету, методыкі і практыкі расійскай адукацыі, сучасных творчых ідэй і праграм. Цэнтры арганізуюць сваю працу на прынцыпах адкрытасці, публічнасці і талерантнасці. Задача працы Рускага цэнтра ў Брэсце – умацаванне дружбы паміж народамі нашых дзяржаў.

З музычнымі нумарамі ў межах цырымоніі адкрыцця выступілі студэнты і выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. А.П. Худзякоў, дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і тэхналогій праграмавання, выступіў з вядомымі песнямі Уладзіміра Мулявіна. Наталля Слуцкая, студэнтка 4 курса псіхолага-педагагічнага факультэта, парадавала гледачоў выкананнем песень на беларускай мове. Алена Валюк, студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта, выканала інструментальную кампазіцыю «Доўгая дарога ў дзюнах».

Нечаканым завяршэннем урачыстай цырымоніі стаў яркі флэш-моб, арганізаваны навучэнцамі сярэдніх навучальных устаноў г. Брэста (ДУА «Ліцэй №1 імя А.С. Пушкіна», ДУА «Сярэдняя школа №20») і студэнтамі БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Кафедра тэорыі і гісторыі рускай літаратуры

Падзяліцца: