Адбыўся II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны

3–4 кастрычніка 2019 года ў Жытоміры (Украіна) адбыўся другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, для ўдзелу ў якім ад БрДУ імя А.С. Пушкіна была дэлегавана дэкан геаграфічнага факультэта Ірына Васільеўна Абрамава.

3 кастрычніка ў праграме форуму адбыліся пасяджэнне двухбаковай кансультатыўнай рады дзелавога супрацоўніцтва, перамовы паміж прадстаўнікамі ўкраінскіх і беларускіх кампаній, пасяджэнне сумеснай камісіі па каардынацыі пытанняў аховы і ўстойлівага выкарыстання трансгранічных прыродаахоўных тэрыторый, круглы стол «Захаванне моўнага, культурнага і прыроднага асяроддзя трансгранічных тэрыторый: гісторыя і сучаснасць», экафорум.

Пляцоўкай для правядзення круглага стала стаў Жытомірскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Івана Франко, які ў 2019 годзе святкуе 100-годдзе з дня заснавання. У пасяджэнні круглага стала, працу якога адкрыла рэктар ЖДУ, доктар біялагічных навук Галіна Яўгенаўна Кірычук, прынялі ўдзел прадстаўнікі 14 беларускіх і 5 украінскіх універсітэтаў і навуковых арганізацый. На пленарным пасяджэнні былі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і ўкраінскімі ўстановамі адукацыі, абмяркоўваліся пытанні пераваг і рызык акадэмічнай мабільнасці, навуковага і метадычнага супрацоўніцтва паміж беларускімі і ўкраінскімі ўніверсітэтамі. Далей праца была арганізавана ў рамках чатырох секцый: «Гістарычныя аспекты», «Дыялектна-моўныя аспекты», «Адукацыйныя аспекты» і «Аспекты прыродазнаўства». І.В. Абрамава зрабіла даклад на тэму «Навакольнае асяроддзе, культура і турызм – прыярытэты трансгранічнага супрацоўніцтва ў беларуска-ўкраінскім Палессі», у якім пазнаёміла ўдзельнікаў форуму з вопытам выкладчыкаў БрДУ імя А.С. Пушкіна ў рэалізацыі праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва ў справе захавання прыроднай і культурнай спадчыны, а таксама развіцця турызму на прыгранічных тэрыторыях.

Выкладчыкі ўніверсітэта падрыхтавалі майстар-класы па пытаннях прафесійнай падрыхтоўкі будучых настаўнікаў Новай украінскай школы, выкарыстання воблачных тэхналогій у рабоце настаўнікаў пачатковай школы, падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд.

Для ўдзельнікаў круглага стала былі арганізаваны экскурсіі па музеях універсітэта, дзе госці маглі пазнаёміцца з яго гісторыяй, спартыўнымі дасягненнямі краю, культурнай спадчынай і ўнікальнымі экспанатамі музея прыроды.

Першы дзень працы форуму завяршыўся канцэртам дружбы, які адбыўся ў Тэатры імя І. Качаргі.

4 кастрычніка, у дзень, калі ўвесь свет адзначае гадавіну пачатку касмічнай эры, у Музеі касманаўтыкі імя С.П. Каралёва адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам начальніка Касмічнага агенцтва Украіны П.Г. Дзегцярэнкі, ветэрана ракетна-касмічнай галіны Украіны Э.І. Кузняцова, прадстаўніка дзяржаўнага канструктарскага бюро «Южное» імя М.К. Янгеля М.А. Мітрахава і дэлегацыі навукоўцаў з Беларусі на чале з начальнікам аддзела касмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі І.М. Бучай. Кіраўнік Жытомірскай абласной рады В.У. Шырма і паважаныя госці ўсклалі кветкі да бюста С.П. Каралёва, пазнаёміліся з музейнай экспазіцыяй.

У пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, якое адбылося 4 кастрычніка, прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Прэзідэнт Украіны Уладзімір Аляксандравіч Зяленскі.

На працягу двух дзён у самым цэнтры Жытоміра працавала выстава буйнагабарытнай тэхнікі, дзе была прадстаўлена прадукцыя беларускіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў – усяго 75 экспанатаў: кар’ерныя самазвалы, трактары, экскаватары, аўтобусы, тралейбусы, камбайны і інш. На вул. Міхайлаўскай (гэта пешаходная вуліца ў Жытоміры) быў арганізаваны кірмаш прадукцыі і вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі і Украіны, на якім сваю прадукцыю прадставілі больш за 60 вытворцаў.

І.В. Абрамава

Падзяліцца: