Свята мудрасці і добрых сэрцаў

Кастрычнік штогод радуе не толькі яркімі фарбамі, але і прыемнымі святамі. На гэтую пару прыпадае самая мудрая і кранальная ўрачыстасць – Дзень настаўніка, калі гавораць “дзякуй” за вопыт і прафесіяналізм, увагу і дабрыню. Настаўнік… Гэтае свята аб’ядноўвае ўсе пакаленні, бо кожны чалавек сваімі поспехамі і здзяйсненнямі абавязаны ў першую чаргу яму.

У БрДУ імя А. С. Пушкіна цёплыя словы віншавання на адрас прафесарска-выкладчыцкага складу 29 верасня на Савеце ўніверсітэта прагучалі з вуснаў рэктара Ганны Сендзер. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што праца педагога – самая ганаровая, важная, адказная і гуманная, бо менавіта настаўнікі даюць пуцёўкі ў жыццё тысячам маладых людзей. Уручаючы ганаровыя граматы і граматы ўніверсітэта, рэктар падзякавала згуртаваны калектыў навучальнай установы за плённую, карпатлівую працу, падрыхтоўку канкурэнтаздольных спецыялістаў, выхаванне вартых грамадзян краіны і выказала шчырую ўдзячнасць усім калегам за вернасць прафесіі.

Педагогаў універсітэта таксама віншавала старшыня прафкама работнікаў Ларыса Чэлышава. Яна ўручыла падзякі Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза працаўнікоў адукацыі і навукі.

Падарунак любімым выкладчыкам зрабілі і студэнты, якія падрыхтавалі святочную канцэртную праграму.

Дарагія выкладчыкі! Жадаем вам здароўя, шчасця, дабрабыту, творчых пошукаў,
невычэрпнай энергіі і поспехаў у прафесійнай дзейнасці!

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: