Памяць – аснова сумлення: У БрДУ прайшла сустрэча з намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Даніілам Дзерабіным

Сустрэча намесніка пракурора Брэсцкай вобласці, старшага саветніка юстыцыі Данііла Дзерабіна са студэнтамі БрДУ імя А. С. Пушкіна прайшла 23 верасня ў канферэнц-зале ўніверсітэта. З аўдыторыяй госця пазнаёміла рэктар Ганна Сендзер.

Мэта мерапрыемства – праінфармаваць моладзь аб ходзе расследавання крымінальнай справы пра факты генацыду беларускага народа. Данііл Аляксандравіч расказаў, што цяпер актыўна вядзецца праца з архіўнымі дакументамі, якія дапамагаюць знайсці відавочцаў падзей. З іх дапамогай высвятляюцца абставіны карных аперацый і месцы масавых пахаванняў. Намеснік пракурора зачытаў успаміны сведкаў генацыду і вытрымкі з загадаў, якія служылі свайго роду “інструкцыяй” па знішчэнні населеных пунктаў з мірнымі жыхарамі.

Студэнты задалі пытанні, што маюць дачыненне да этапаў следчых дзеянняў пракуратуры, да пакарання за здзейсненыя злачынствы. Маладыя людзі цікавіліся таксама, у якой ступені дзяржавы-суседзі аказваюць падтрымку ў правядзенні расследавання.

У канцы сустрэчы Данііл Дзерабін заклікаў прысутных памятаць пра тое, што памяць – аснова сумлення, і прапанаваў далучыцца да высакароднай працы.

Ганна Сендзер падзякавала госцю за змястоўнае выступленне, за працу па захаванні гістарычнай памяці.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: