Мы Беларуссю даражым: БрДУ адзначыў Дзень народнага адзінства

17 верасня 2021 года БрДУ імя  А. С. Пушкіна арганізаваў урачысты канцэрт да Дня народнага адзінства і пасвячэнне першакурснікаў у студэнты “Я Беларуссю даражу: я тут вучуся і жыву!, бо патрыятызм, адзінства і згуртаванасць сучаснай моладзі – аснова поспеху нашай краіны ў будучым.

У пачатку вячэрняга канцэрта прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь. Да  прысутных звярнулася рэктар Ганна Сендзер. У сваім  прывітальным слове яна выказала ўпэўненасць усяго калектыву ўніверсітэта ў тым, што толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць дынамічнага развіцця нашай краіны, выхаваць патрыётаў, якім уласцівы высокія духоўныя  каштоўнасці і клопат пра дабрабыт роднай краіны. Ганна Мікалаеўна акрэсліла значымасць новага дзяржаўнага свята для ўсяго беларускага народа і паведаміла, што, пачынаючы з гэтага года, пасвячэнне першакурснікаў у студэнты заўсёды будзе праходзіць 17 верасня, у Дзень народнага адзінства.

Са словамі віншавання і наказам на дарогу да першакурснікаў звярнуўся таксама і кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста Андрэй Філановіч, выпускнік юрыдычнага факультэта нашага ўніверсітэта.

Адным з самых ўрачыстых і шчымлівых момантаў стала агучванне першакурснікамі клятвы студэнта БрДУ імя А. С. Пушкіна. Для віноўнікаў урачыстасці сіламі лідараў студэнцкага самакіравання таксама было падрыхтавана арыгінальнае, хоць ужо і традыцыйнае, знаёмства з рэктаратам і кіраўнікамі некаторых структурных падраздзяленняў і аб’яднанняў універсітэта. Самым яркім у канцэртнай праграме стаў відэаролік пад песню “Спявай душа народная” – агульны падарунак, падрыхтаваны вакальным гуртом “Золак” і студэнцкім актывам.

  

Уся ўрачыстая праграма была прасякнута павагай да памятных старонак беларускай гісторыі, вызначалася душэўнасцю і шчырасцю выканання  канцэртных нумароў, пасля якіх гучалі цёплыя апладысменты гледачоў.

Падзяліцца: