Сацыяльны праект БрДУ “Быць побач” – адзін з найлепшых у рэспубліцы

Абарона студэнцкіх ініцыятыў у рамках конкурсу “Лепшы моладзевы праект сярод ППА студэнтаў УВА Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі” прайшоў у Мінску 17 мая. Праект БрДУ імя А.С. Пушкіна “Быць побач” названы адным з найлепшых і атрымаў фінансаванне ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Праект “Быць побач” створаны з мэтай забеспячэння эфектыўнай сацыялізацыі выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу горада Брэста шляхам сацыяльна-педагагічнай падтрымкі. У абласным цэнтры сёння дзейнічае 9 дамоў сямейнага тыпу, у якіх выхоўваецца 61 дзіця. Праблема “цяжкага” дзяцінства падштурхнула валанцёраў нашага ўніверсітэта да стварэння праекта, накіраванага на сацыялізацыю выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу.

Ініцыятыва рэалізуецца паэтапна: стварэнне праектнай каманды і валанцёрскіх атрадаў, навучанне ўдзельнікаў праграмы працаваць з пэўнымі катэгорыямі насельніцтва, правядзенне мерапрыемстваў па аказанні дапамогі як дзецям, так і іх бацькам-выхавальнікам праз трэнінгі, групавыя кансультацыі і дзелавыя гульні, арганізаваныя профільнымі спецыялістамі. А таксама прыцягненне ўвагі грамадства да праблем сацыялізацыі выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу шляхам рэгулярнага асвятлення дзейнасці валанцёраў у СМІ і сацыяльных сетках.

На думку кіраўніка праектнай каманды, студэнткі сацыяльна-педагагічнага факультэта Анастасіі Нічыпарук, валанцёрскі рэсурс можа зняць частку нагрузкі з бацькоў-выхавальнікаў. Добраахвотнікі арганізуюць вольны час дзяцей. Акрамя таго, зносіны са студэнтамі-валанцёрамі дапамогуць дзецям паглыбіць веды па прадметах школьнага цыкла, паспрыяюць развіццю камунікатыўных навыкаў і творчых здольнасцей.

Сістэмная праца валанцёраў з дзецьмі і бацькамі-выхавальнікамі дазволіць палегчыць фізічную працу дарослых і дапаможа выхаванцам лепш адаптавацца ў грамадстве і зразумець, што жыццё ў роднай Беларусі выдатнае і шчаслівае.

Юлія Воўк

Падзяліцца: