Прэзентацыя энцыклапедыі на XXVІI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы

7 лютага 2020 г. у межах XXVІI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-ярмаркі на цэнтральнай пляцоўцы Нацыянальнага стэнда Беларусі адбылася прэзентацыя энцыклапедыі «Брест. Брэст. Brest. 1000». Акрамя супрацоўнікаў выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», у мерапрыемстве ўдзельнічаў загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч, які быў каардынатарам праекта, складальнікам энцыклапедыі.

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-ярмарка, якая ўжо стала традыцыйнай штогадовай культурна-асветніцкай падзеяй Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца адной з самых буйных прафесійных кніжных выставак на постсавецкай прасторы. Сёлета яна праходзіла 5–9 лютага пад дэвізам «Беларусь – адкрытая кніга». У яе працы ўдзельнічалі кнігавыдаўцы з больш чым 30 краін блізкага і далёкага замежжа.

На прэзентацыі А. М. Вабішчэвіч адзначыў наватарскі характар выдання. У ім сабраны велізарны каштоўны матэрыял пра розныя бакі жыцця горада: гісторыю, народанасельніцтва, прыроду, эканоміку, архітэктуру і горадабудаўніцтва, фізічную культуру, спорт і турызм, адукацыю, навуку, культуру, рэлігію і інш. Кніга мае цудоўнае мастацка-паліграфічнае выкананне, карыстаецца попытам у жыхароў і гасцей горада.

На прэзентацыі ішла таксама гутарка пра багатую і самабытную спадчыну Брэста, яго гістарычныя сімвалы, культурныя здабыткі, знакамітыя прадпрыемствы і ўстановы, пра цяперашнюю плённую і стваральную працу жыхароў, заслужаных людзей горада.

У падрыхтоўцы энцыклапедыі да 1000-годдзя г. Брэста актыўны ўдзел прымалі выкладчыкі і супрацоўнікі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Асноўныя дасягненні ўніверсітэта, яго высокакваліфікаваны кадравы патэнцыял, уклад у развіццё ўсіх сфер жыццядзейнасці Брэста, Брэсцкай вобласці і краіны адлюстраваны ў ілюстраваным артыкуле-развароце, цэлым шэрагу тэматычных і біяграфічных артыкулаў.

У канцы працы кніжнай выстаўкі-ярмаркі стала вядома, што выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» атрымала за кнігу Дыплом першай ступені ў намінацыі «Залатыя скрыжалі». Таксама энцыклапедыя ўдзельнічае ў конкурсе на лепшае краязнаўчае выданне за 2017–2019 гг., вынікі якога будуць падведзены ў сакавіку бягучага году на I Рэспубліканскім краязнаўчым форуме Беларусі.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: