Крыніца душы і свята сэрца

Урачысты вечар «Крыніца душы і свята сэрца», прысвечаны 74-годдзю Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, адбыўся ў Палацы культуры прафсаюзаў 29 кастрычніка. Гучныя апладысменты і крыкі «Брава!» гучалі ў адрас уладальнікаў узнагарод і артыстаў.

Урачыстасць распачалася з танца кветак, які надаў нашаму асенняму святу асаблівае зачараванне. Затым рэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Сендзер зачытала віншавальны адрас ад памочніка Прэзідэнта – інспектара па Брэсцкай вобласці, у якім дадзена высокая ацэнка працы БрДУ.

У віншаванні гаворыцца: «За мінулыя 74 гады ўстанова прайшла няпросты шлях ад настаўніцкага інстытута да дзяржаўнага ўніверсітэта, стаўшы вядучым навучальным, навукова-даследчым і культурным цэнтрам Брэстчыны і краіны ў цэлым. Вы годна вырашаеце пастаўленыя перад вамі задачы па павышэнні якасці адукацыі, падтрымцы адоранай моладзі, укараненні інавацыйных падыходаў у практыку навучання і выхавання. ВНУ па праву лічыцца кузняй педагагічных, навуковых і кіраўнічых кадраў».

Ганна Мікалаеўна цёпла павіншавала калектыў, падкрэсліўшы, што ў 2019 годзе Дзень універсітэта праходзіць у знамянальны час – 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзе горада Брэста. У дзень нараджэння прынята падводзіць вынікі, таму рэктар адзначыла, што восенню студэнцкі калектыў папоўніўся 1700 навучэнцамі. Таксама Ганна Сендзер з гонарам сказала, што ў БрДУ 60% выкладчыкаў маюць вучоныя ступені і званні, а студэнты – мноства ўзнагарод у навуцы, творчасці і спорце на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Яна пажадала ўсім здароўя, дабрабыту і новых дасягненняў на карысць нашай краіны.

Лагічным працягам стала цырымонія ўзнагароджання, бо ўніверсітэт – гэта перш за ўсё людзі, якія даюць пуцёўкі ў жыццё студэнтам, і самі навучэнцы, што выходзяць са сцен універсітэта высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

Распрацоўкі нашых вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных навук, адукацыйных тэхналогій услаўляюць універсітэт на рэспубліканскай арэне. Важна, што кіраўніцтва БрДУ падтрымлівае сваіх выкладчыкаў-даследчыкаў. Таму Ганна Мікалаеўна ўручыла ім Ганаровую грамату, грамату Міністэрства адукацыі, Ганаровыя граматы ўніверсітэта, і з гонарам назвала лаўрэатаў прэміі імя першых прафесараў нашай alma mater. У галіне сацыяльных і гуманітарных навук прэмія імя Уладзіміра Андрэевіча Калесніка ўручана старшаму выкладчыку кафедры замежных моў Ліліі Леванюк; у галіне прыродазнаўчых навук уладальнікам прэміі імя Сцяпана Георгіевіча Кандрацені стаў кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі Ігар Макаед.

У БрДУ незаўважанымі не застаюцца і творчыя і спартыўныя дасягненні навучэнцаў, таму за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, высокія спартыўныя дасягненні і стварэнне станоўчага іміджу alma mater Ганна Сендзер уручыла падзякі рэктара студэнтам. Выкладчыкі былі ўзнагароджаны падзякамі рэктара за поспехі ў падрыхтоўцы вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Рэспублікі Беларусь, профільных вучэбна-метадычных аб’яднанняў у сферы вышэйшай адукацыі, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, а таксама за актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці ўніверсітэта і значныя дасягненні ў распрацоўцы абранай навуковай тэмы.

Падзяк рэктара былі ўдастоены і бацькі студэнтаў – імянных стыпендыятаў, стыпендыятаў Рады ўніверсітэта і прафсаюзных стыпендыятаў. Вядома ж, мамы і таты іх акрыляюць, уносяць сваю лепту ў поспехі дзяцей.

Прадоўжылася свята сэрца канцэртнай праграмай. Выступленні ўніверсітэцкіх зорак і запрошаных гасцей падарылі шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў усім прысутным у зале. Юлія Рахта, Андрэй Пракапчук, Уладзіслаў Макарэвіч, Сафія Абрубка, творчая студыя «Магаліф» сумесна са студэнтамі ўніверсітэта, ансамбль танца «Равеснік», група па чырлідынгу, спартсмены акрабатычнай школы, аэробы факультэта фізічнага выхавання і іншыя артысты шчыра дзяліліся сваёй творчасцю.

Перанесціся на год назад гледачы змаглі, калі глядзелі мультымедыяпрэзентацыю «Універсітэт: год за годам».

Фінальны акорд – выкананне ўсімі ўдзельнікамі канцэрта песні «Павер у мару» – сімвалічны. Наша дружная ўніверсітэцкая сям’я заўсёды трымае курс на заваяванне новых вяршынь і настойліва ідзе да сваіх мэт, таму што БрДУ – наша крыніца душы – натхняе нас на новыя здзяйсненні.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: