БрДУ на святкаванні Дня Незалежнасці

3 ліпеня ўся краіна маштабна адзначала Дзень Незалежнасці і 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Брэсце ў святочных мерапрыемствах разам з прадстаўнікамі ўлады, дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый і духавенства прынялі ўдзел работнікі і студэнты нашага ўніверсітэта, бо трэці ліпеньскі дзень займае асаблівае месца ў іх сэрцах.

78 гадоў таму першы ўдар ворага прыняла на сябе легендарная цытадэль. Таму ў гэтым свяшчэнным месцы штогод на плошчу Цырыманіялаў выносяць сцяг крэпасці, ускладаюць вянкі і жывыя кветкі да Вечнага агню, хвілінай маўчання ўшаноўваюць памяць загінулых і дзякуюць ветэранам.

У гэты важны для ўсіх беларусаў дзень Брэст стаў вялікай святочнай пляцоўкай. Кобрынскі мост – яшчэ адна лакацыя, якую наведалі работнікі і студэнты БрДУ: яны сталі сведкамі ўрачыстага адкрыцця найважнейшага гарадскога пуцеправода, які злучае пасля рэканструкцыі ўсходнюю і цэнтральную часткі абласнога цэнтра.

Наш удзел у святочных мерапрыемствах сведчыць не толькі пра тое, што мы свята беражом памяць і памятаем урокі гісторыі, але і пра наша імкненне будаваць светлую будучыню беларускай дзяржавы – быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Для нас Дзень Незалежнасці – гэта сімвал гераічнага мінулага і шчаслівай будучыні, гістарычнай і культурнай спадчыны, сімвал дзяржаўнасці, самасвядомасці, нацыянальнага і духоўнага адзінства.

Юлія Воўк,
студэнцкі клуб

Фота: БрДУ і БРЭСТ СІЦІ
https://brestcity.com

Падзяліцца: