Публічная лекцыя аб Брэсцкім міры

30 мая 2019 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага ў межах праекта «Гістарычныя сімвалы Брэста», прымеркаванага да 1000-годдзя нашага горада, адбылася адкрытая публічная лекцыя «Брэсцкі мір у гісторыі горада, краіны і свету». З лекцыяй выступаў доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Вабішчэвіч Аляксандр Мікалаевіч.

Удзельнікамі мерапрыемства былі супрацоўнікі ўстаноў культуры, выкладчыкі, студэнты, краязнаўцы і ўсе тыя, хто цікавіцца мінулым Брэста. Лектар асвяціў трагічныя падзеі Першай сусветнай вайны ў лёсе горада, паказаў складаны і супярэчлівы ход перамоў, заключэнне Брэсцкага мірнага дагавора 3 сакавіка 1918 г. у Белым палацы і яго сусветнае значэнне. Пры гэтым былі выкарыстаныя розныя крыніцы (дакументы, успаміны, фотаздымкі, паштоўкі), у тым ліку і невядомыя для шырокага кола чытачоў. Пасля лекцыі прысутныя змаглі задаць пытанні і атрымаць на іх адказы, пазнаёміцца з тэматычнай выставай літаратуры.

Папярэдняя публічная лекцыя пра гістарычныя сімвалы горада – «Брэсцкая унія ў гісторыі Брэста і лёсах еўрапейскай цывілізацыі» – была праведзена ў красавіку кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам Свірыдам Аляксандрам Мікалаевічам. Чарговая лекцыя ў праграме праекта, з якой у чэрвені выступіць доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Здановіч Уладзімір Васільевіч, будзе прысвечана гісторыі Брэсцкай крэпасці.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: