Прыорбанк прызначыў стыпендыі лепшым студэнтам

Імянныя стыпендыі «Прыорбанка» ўручаны лепшым студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Сертыфікаты імянных стыпендый уручыў 31 студзеня 2019 года на пасяджэнні Савета ўніверсітэта кіраўнік ААТ «Прыорбанк» Андрэй Леанідавіч Туцкі.

Лаўрэатамі стыпендыі ў 2019 годзе сталі студэнты другога і трэцяга курсаў фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Мошчык Любоў Мікалаеўна, Пугачова Анастасія Андрэеўна, Максімовіч Ірына Мікалаеўна. Сярод асноўных крытэрыяў прызначэння імянной стыпендыі ААТ «Прыорбанк» – высокая паспяховасць, актыўны ўдзел у навукова-даследчай працы і творчай дзейнасці. Па традыцыі стыпендыя прызначаецца на паўгода.

«Мэта стыпендыяльнай праграмы – падтрымка адораных і таленавітых студэнтаў – будучых настаўнікаў і выкладчыкаў матэматыкі, – падкрэсліў кіраўнік ААТ «Прыорбанк» Андрэй Леанідавіч Туцкі. – Ад настаўнікаў залежыць наша будучыня. Выкладчыкі матэматыкі ў найбольшай ступені фарміруюць будучую эліту грамадства. Менавіта гэтыя людзі здольныя паказаць, што за сухімі лічбамі і формуламі стаіць сапраўднае мастацтва і ўменне думаць, таму прызначэнне прэмій – своеасаблівы ўклад Прыорбанка ў будучыню нашай краіны». Стыпендыі павінны матываваць старшакурснікаў павышаць прафесійны ўзровень і развівацца.

Віншуем нашых студэнтаў і жадаем ім далейшых поспехаў!

Падзяліцца: