Адукацыя – аснова поспеху: у БрДУ адбылася сустрэча губернатара са студэнтамі

Сустрэча старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ліса са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам нашага ўніверсітэта прайшла 29 лістапада. Прывітала госця і прадставіла яго прысутным рэктар БрДУ імя А.С. Пушкіна Ганна Сендзер.

Канструктыўны дыялог

Зносіны губернатара і студэнтаў пачаліся з уступнага слова Анатоля Васільевіча, які адзначыў, што яго сустрэчы з навучэнцамі ўніверсітэтаў Брэсцкай вобласці сталі традыцыйнымі. Важна, каб моладзь ведала пра дзейнасць органаў выканаўчай улады і мела магчымасць задаць свае пытанні яе прадстаўнікам. Канструктыўны дыялог улады і насельніцтва – спосаб інфармавання аб існуючых праблемах і аб тым, як яны вырашаюцца.

Затым губернатар азнаёміў аўдыторыю з асноўнымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага стану рэгіёна. Студэнты даведаліся, што валавы рэгіянальны прадукт, які з’яўляецца асноўным паказчыкам у гэтай сферы, павялічыўся. На сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна ўплываюць працоўныя месцы, працаздольныя грамадзяне, сярэдняя заработная плата, працэнт беспрацоўя, экспарт вырабленай прадукцыі і г. д.

Кадравае пытанне

Студэнты старэйшых курсаў цікавіліся запатрабаванымі спецыяльнасцямі, бо ў хуткім часе ім трэба будзе вызначыцца з першым працоўным месцам. «Брэсцкая вобласць – аграрная, – падкрэсліў Анатоль Ліс. – Але пэўныя праблемы з кадрамі ёсць і ў прамысловай сферы, і ў будаўнічай галіне».

2018–2020 гады праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Аўдыторыю цікавілі перспектывы развіцця малых гарадоў, захавання гісторыка-культурнай спадчыны і іншае. «На жаль, пакуль не атрымліваецца цалкам рэстаўраваць Брэсцкую крэпасць, але праца ў гэтым кірунку вядзецца, – сказаў Анатоль Ліс. – На дадзены момант рэстаўраваны Косаўскі палац, а на будучы год запланавана рэстаўрацыя Ружанскага замка, што асабліва актуальна, таму што менавіта ў Ружанах пройдуць абласныя «Дажынкі».

Расказваючы аўдыторыі аб развіцці малых гарадоў, Анатоль Васільевіч адзначыў, што ва ўмовах ўзмоцненай урбанізацыі неабходна адраджаць малыя населеныя пункты, ствараць у іх працоўныя месцы і добрыя ўмовы для пражывання.

Студэнты папрасілі губернатара расказаць пра асаблівасці перапісу насельніцтва ў 2019 годзе. Анатоль Васільевіч сказаў, што дадзеная кампанія будзе ажыццяўляцца пераважна з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій, што дасць магчымасць адмовіцца ад папяровых носьбітаў, спрасціць працэдуру падачы інфармацыі.

Пуцёўка ў жыццё

Традыцыйна студэнтаў цікавілі пытанні прыватнага жыцця Анатоля Васільевіча. Навучэнцы прасілі губернатара ўспомніць камсамольскую маладосць і падзяліцца сакрэтамі поспеху ў прафесіі. Анатоль Васільевіч расказаў, як яго прымалі ў піянеры, як яму хацелася хутчэй пасталець, каб стаць камсамольцам і ўладальнікам камсамольскага значка. «Каб увайсці ў шэрагі камсамола, трэба было добра вучыцца, займацца спортам і актыўна ўдзельнічаць у грамадскай дзейнасці. Камсамол даваў пуцёўку ў жыццё», – адзначыў ён.

Анатоль Ліс падкрэсліў: чалавеку, які хоча дамагчыся поспеху і пабудаваць кар’еру, трэба быць адукаваным, валодаць такімі якасцямі, як дысцыплінаванасць, адказнасць, стараннасць. А ў сучасным свеце да гэтых якасцяў дадалося ўменне арыентавацца ў вялікай плыні інфармацыі, уменне яе шукаць і вылучаць у ёй галоўнае.

Анатоль Васільевіч адказаў яшчэ на мноства самых розных пытанняў: аб падрыхтоўцы да 1000-годдзя Брэста і ІІ Еўрапейскіх гульняў, турызме, азеляненні горада.

Фінальным акордам сустрэчы стала выкананне студэнтамі Сафіяй Удовенка і Уладзіславам Макарэвічам цудоўных песень пра родную Беларусь. На заканчэнне сустрэчы Ганна Мікалаеўна ўручыла Анатолю Васільевічу сувеніры, вырабленыя рукамі нашых студэнтаў.

Юлія Воўк

Падзяліцца: