Універсітэт – школе: семінар і майстар-класы па спартыўнай аэробіцы кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання

У сучаснай школе ідзе пастаянны пошук эфектыўных формаў, сродкаў, метадаў фізічнага выхавання для фарміравання фізічнай культуры асобы вучняў, умацавання і захавання іх здароўя з улікам полаўзроставых асаблівасцей.

У практыцы фізічнага выхавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі асаблівай папулярнасцю сярод школьнікаў карыстаюцца танцавальна-гімнастычныя формы і метады фізічнага выхавання, якія маюць аздараўленчую, развівальную і культурна-эстэтычную накіраванасць.

У змест новых праграм устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» ўключаны матэрыял па аэробіцы спартыўнай і гімнастыцы атлетычнай для навучэнцаў II і III ступеняў агульнай сярэдняй адукацыі.

У сувязі з гэтым 3 і 6 кастрычніка 2018 г. на базах ДУА «Сярэдняя школа № 26 г. Брэста» і ДУА «Гімназія № 4 г. Брэста» прафесарска-выкладчыцкім складам кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання былі праведзены майстар-класы «Нетрадыцыйныя падыходы ў навучанні школьнікаў базавым практыкаванням аэробікі спартыўнай і гімнастыкі атлетычнай» і «Аэробіка ў сістэме вольнага часу, фарміравання і зберажэння здароўя школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту».

Дацэнт Бяспутчык У.Г. правёў майстар-класы «Базавыя крокі і камбінацыі ў аэробіцы спартыўнай на занятках з дзяўчатамі старэйшых класаў», «Аэробныя танцавальна-гімнастычныя практыкаванні ў сістэме вольнага часу, фарміравання і зберажэння здароўя школьнікаў». Старшы выкладчык Якубовіч С.К. правёў майстар-класы «Практыкаванні сілавой скіраванасці на занятках з юнакамі старэйшых класаў», «Сілавая аэробіка ў фарміраванні здароўя юнакоў старэйшых класаў». Да правядзення майстар-класаў былі прыцягнуты студэнты-практыканты 4-га курса факультэта фізічнага выхавання.

Акрамя таго, 5 кастрычніка 2018 г. на базе ДУА «Гімназія № 4 г. Брэста» быў арганізаваны і праведзены навукова-метадычны семінар «Рухальны кампанент у сістэме здаровага ладу жыцця гімназістаў сярэдніх і старэйшых класаў», на якім з дакладамі па названай праблеме выступілі дырэктар ДУА «Гімназія № 4 г. Брэста» Шкулепа А.В., дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання Бяспутчык У.Г., старшы выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання Якубовіч С.К., настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, а таксама студэнты-практыканты з паведамленнямі па выніках навуковых даследаванняў, праведзеных на базе гімназіі з навучэнцамі сярэдніх і старэйшых класаў.

Удзельнікамі і слухачамі названых мерапрыемстваў былі навучэнцы вышэйзгаданых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі адміністрацыі, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, студэнты-практыканты 4-га курса факультэта фізічнага выхавання.

Праведзеныя мерапрыемствы паслужылі добрай школай тэарэтыка-практычнага вопыту, абмену меркаваннямі, падвядзення вынікаў навуковых даследаванняў і вызначылі перспектывы супрацоўніцтва ў праграмах «Універсітэт – школе».

Кафедра спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: