«Квіток у будучыню: я выбіраю свой лёс»

Зрабі сваё хобі прафесіяй, і табе больш не прыйдзецца працаваць ані дня.

Пасля вяртання з каардынацыйнага пасяджэння і воркшопа па методыцы прафарыентацыі і развіцця кар’еры, якія прайшлі ў Луцкім нацыянальным тэхнічным універсітэце (Украіна), кіраўнік Цэнтра прафесійнага і кар’ернага кансультавання Кавалевіч Марыя Сцяпанаўна распрацавала ўласны аўтарскі трэнінг «Квіток у будучыню: я выбіраю свой лёс». Эксперыментальная апрабацыя трэнінгу адбылася 11 мая 2018 года на сацыяльна-педагагічным факультэце. На трэнінгу прысутнічалі студэнты спецыяльнасці «Сацыяльная работа».

У ходзе трэнінгу ўдзельнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі рынку працы Беларусі, стратэгіямі пошуку працы, правіламі складання рэзюмэ, відамі інтэрв’ю і тэхналогіяй правядзенне гутаркі па новай методыцы STAR. Методыка STAR (Situation Target Action Result) звычайна выкарыстоўваецца пры інтэрв’ю па кампетэнцыях, тэхніка накіравана на выяўленне канкрэтных прафесійных сітуацый і развіццё ўмення аналізаваць іх з розных бакоў.

Будучыя спецыялісты па сацыяльнай працы павінны былі апісаць узніклую падчас прафесійнай падрыхтоўкі праблему, сфармуляваць задачу, якую трэба было вырашыць, апісаць свае дзеянні па вырашэнні гэтай задачы і расказаць пра вынікі, да якіх гэтыя дзеянні прывялі. Для вызначэння наяўнасці розных кампетэнцый існуюць розныя тыпы пытанняў, якія распрацоўваюцца спецыялістамі ў гэтай галіне.

Задумаліся студэнты і над тым, якіх людзей найбольш ахвотна бяруць на працу, на добрую пасаду і чаму. Чаму людзі знаходзяць добрую працу? Навошта людзі імкнуцца зрабіць кар’еру?

Навучаючыся складанню рэзюмэ, студэнты даведаліся аб 10 галоўных памылках у рэзюмэ, сярод якіх памылкі, нязграбнасць выкладу, бязглуздыя мэты, лішнія падрабязнасці, завышаная самаацэнка, адкрытая хлусня і інш.

У ходзе палілогу ўдзельнікамі трэнінгу былі сфармуляваны ключавыя і другарадныя кампетэнцыі спецыяліста па сацыяльнай працы, сярод якіх – эмпатыя, памяркоўнасць, тактоўнасць, цікавасць і павага да іншага чалавека, а таксама названы якасці, якія перашкаджаюць эфектыўнасці прафесійнай дзейнасці па гэтай спецыяльнасці: адсутнасць арганізатарскіх здольнасцей, адсутнасць павагі да людзей, агрэсіўнасць, гідлівасць, эгаістычнасць, няздольнасць да суперажывання, безадказнасць.

Студэнты адказалі на пытанні: «Чаму вы абралі менавіта гэтую спецыяльнасць? Ці знаёмыя вы з прафесіяграмай спецыяліста па сацыяльнай працы? Якія крокі вы робіце ўжо сёння, каб стаць паспяховым спецыялістам?», а таксама звярнулі ўвагу на дрэс-код спецыяліста па сацыяльнай рабоце.

У ходзе трэнінгу студэнты вучыліся паводзіць сябе на стрэс-інтэрв’ю з працадаўцам, на якім ствараецца нестандартная, напружаная, некамфортная для кандыдата атмасфера, што дапамагае вызначыць узровень стрэсаўстойлівасці і здольнасці да адаптацыі ў будучай прафесіі. Гэта якасць з’яўляецца вельмі важнай для спецыялістаў па сацыяльнай працы.

Трэнінг быў праведзены ў рамках праекта «Стварэнне трансгранічнай сеткі ўніверсітэцкіх цэнтраў прафесійнага і кар’ернага кансультавання для павышэння канкурэнтаздольнасці выпускнікоў на рынках працы Украіны і Беларусі».

Кавалевіч Марыя Сцяпанаўна,
кіраўнік Цэнтра прафесійнага і кар’ернага кансультавання

Падзяліцца: